— Ідзе вайна, сапраўдная вайна. Ці ведаеце вы, чаму ідзе вайна? Усё пачалося як спецыяльная ваенная аперацыя, а працягваецца як сапраўдная вайна, бо за Кіевам стаяць Берлін, Парыж, Гаага, Осла і, на жаль, Вашынгтон, — цытуе прадстаўніка Крамля адно з расійскіх дзяржаўных агенцтваў.
Дзмітрый Пяскоў заявіў, што падтрымка хаўруснікаў не дапаможа Украіне спыніць наступ расійскай арміі. Ён таксама назваў украінскія напады на Расію «тэрарызмам». Аднак не згадаў пра штодзённыя расійскія ўдары беспілотнікамі і ракетамі па мірных аб'ектах ва Украіне.
Паводле апошніх паведамленняў, у Кіеве ў выніку масіраванага расійскага авіяўдару загінулі як мінімум дзевяць чалавек і 46 атрымалі раненні. Ракеты і беспілотнікі ўпалі на шматкватэрныя дамы. Колькасць ахвяр можа павялічыцца, бо пошукава-выратавальныя аперацыі надалей працягваюцца.
Найгоршая сітуацыя ў Падольскім раёне Кіева. Там расійская ракета разбурыла некалькі паверхаў дзевяціпавярховага жылога дома. У тым жа раёне былі пашкоджаны яшчэ два шматпавярховыя жылыя дамы. Кіеўскія ўлады таксама паведамілі пра пашкоджанні і пажары ў дамах у Дарніцкім раёне. Пацярпелі гарады паблізу ад Кіева, у тым ліку Вішнёвае.
Рух цягнікоў у Кіеўскай вобласці быў часткова прыпынены.
Гэта чарговая масіраваная атака ракет і беспілотнікаў на Кіеў за апошнія дні. У мінулы чацвер у сталіцы Украіны загінулі 30 чалавек, а больш за 80 атрымалі раненні.
IAR/аз