Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расія разглядае магчымасць нападаў на краіны НАТА. Былы дырэктар ЦРУ пацвярджае рэальную рызыку эскалацыі

08.07.2026 12:30
Пуцін прайгравае на полі бою і знаходзіцца пад усё большым унутраным ціскам, нагадвае Біл Бернс.
a
Масквa3dman_eu /pixabay.com/CC0 Public Domain

Расія разглядае магчымасць нападаў на краіну НАТА. ЗША папярэдзілі хаўруснікаў аб гэтай пагрозе, піша журналіст «The Washington Post» Дэвід Ігнаціус. У сваю чаргу, былы дырэктар ЦРУ Біл Бернс ацэньвае, што рызыка эскалацыі рэальная і расце.

Выданне абмяркоўвае серыю нядаўніх паведамленняў аб магчымых расійскіх правакацыях супраць краін Балтыі або Польшчы, у тым ліку паведамленні выдання Onet.pl і заявы прэм'ера Польшчы Дональда Туска.

«The Washington Post» таксама ацэньвае, што вайна Расіі супраць Украіны можа ўвайсці ў новую, небяспечную фазу: эскалацыю ў выглядзе абмежаваных удараў па краінах НАТА, «сыходзячы з таго, што ЗША не будуць умешвацца». Спасылаючыся на ананімных чыноўнікаў, газета паведамляе, што ЗША ўжо месяц папярэджваюць еўрапейскіх хаўруснікаў пра рост пагрозы.

З гэтай ацэнкай пагадзіўся былы дырэктар ЦРУ Біл Бернс.

— Я б сказаў, што рызыка эскалацыі рэальная і яна расце — у першую чаргу таму, што Пуцін знаходзіцца пад усё большым унутраным ціскам і прайгрывае на полі бою, — сказаў Бернс.

Паводле выдання, некаторыя аналітыкі ўспрымаюць паведамленні аб магчымых правакацыях як крамлёўскае «пудзіла», а прадстаўнікі разведкі пакуль не фіксуюць ніякіх перадыслакацый войскаў або іншай падрыхтоўкі да аперацый.

 Аднак чыноўнікі кажуць, што бачаць прыкметы таго, што Расія дапрацоўвае планы нападу на мэты НАТА і актыўна іх пераглядае,  дадае аўтар артыкула.

Журналіст піша, што краіны Балтыі таксама разглядаюць магчымыя сцэнары рэакцыі на расійскі напад. Ён цытуе еўрапейскага чыноўніка, паводле якога, калі б, напрыклад, Эстонія выявіла перасячэнне мяжы падраздзяленнем расійскай ваеннай разведкі, яна адказала б контратакай.

Сярод патэнцыйных гарачых кропак называецца Калінінградская вобласць і Беларусь. Паводле цытаваных чыноўнікаў НАТА, калі б Альянс вырашыў перакінуць войскі блізка да мяжы з расійскім анклавам, Пуцін мог бы выкарыстаць гэта як падставу для нападу.

аз