Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расійскі беспілотнік разбіўся ў Малдове

13.07.2026 10:34
Паводле папярэдніх высноваў Мінабароны Малдовы, гэта быў ударны беспілотнік «Шахед-136», вядомы ў Расіі як «Герань-2».
Расійскі беспілотнік разбіўся ў Малдове facebook.com/politiarepubliciimoldova

Расійскі беспілотнік разбіўся і выбухнуў каля вёскі Копанка ў Малдове, недалёка ад мяжы з Украінай. У выніку здарэння ніхто не пацярпеў.

Паводле папярэдніх высноваў Мінабароны Малдовы, гэта быў ударны беспілотнік «Шахед-136», вядомы ў Расіі як «Герань-2». Беспілотнік, як мяркуецца, парушыў паветраную прастору Малдовы падчас чарговага расійскага нападу на Адэскую вобласць Украіны, пасля чаго разбіўся і выбухнуў на тэрыторыі Малдовы.

На месца здарэння былі накіраваны паліцыя, пажарная служба і ваенныя эксперты. Улады забяспечылі месца выбуху і праводзяць расследаванне. Жыхароў заклікалі не набліжацца да абломкаў беспілотнікаў або іншых падазроных прадметаў і неадкладна паведамляць пра іх у паліцыю, бо яны могуць утрымліваць выбуховыя рэчывы.

Гэта чарговы выпадак парушэння паветранай прасторы Малдовы з пачатку поўнамаштабнай расійскай вайны супраць Украіны. У апошнія месяцы на тэрыторыі Малдовы некалькі разоў знаходзілі абломкі беспілотнікаў, якія збіліся з курсу падчас расійскіх нападаў на мэты на поўдні Украіны.

IAR/аз