Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Кіеў актывізуе гістарычны дыялог з Варшавай

18.07.2026 12:03
Уладзімір Зяленскі абвясціў, што будуць адкрыты ўсе архівы Службы бяспекі Украіны і Службы знешняй разведкі Украіны, якія тычацца трагічных падзей 20-га стагоддзя на Валыні.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір ЗяленскіZelenskiy / Official//t.me/V_Zelenskiy_official

Кіеў адкрываецца для гістарычнага дыялогу з Варшавай — так некаторыя ўкраінскія блогеры пракаментавалі пятнічную заяву Уладзіміра Зяленскага. Прэзідэнт Украіны напісаў у Telegram, што для вырашэння гістарычнага канфлікту з Польшчай ён адкрые архівы, паспрыяе пошуку месцаў пахавання ахвяр Валынскай разні і зробіць крокі для паглыблення дыялогу Кіева з Варшавай.

Паводле звестак Польскага радыё, украінскія архівы НКВД адкрыты для даследчыкаў ужо 10 гадоў. Цяпер, паводле звестак Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці, доступ да іх будзе значна прасцейшым. Савецкія архівы 1917-91 гадоў, у тым ліку звязаныя з Валынскай разнёй, знаходзяцца ў юрысдыкцыі Службы бяспекі Украіны, былі афіцыйна адкрыты для даследчыкаў дзесяць гадоў таму, у ліпені 2016 года. Гэта пацвердзіў кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці (УІП) у інтэрв'ю Польскаму радыё.

Аднак Аляксандр Алфёраў падкрэсліў, што ў цяперашні час карыстанне імі складанае. Ён дадаў, што заява прэзідэнта Зяленскага мае на мэце гэта змяніць. Для палягчэння працы ў архівах будуць апублікаваныя спецыяльныя індэксы. Аляксандр Алфёраў адзначыў, што будзе створана агульнадаступная база дадзеных індэксаў, якая дазволіць даследчыкам самастойна праводзіць даследаванні дакументаў, не звяртаючыся да спецыялістаў архіваў, якія маюць свае ўласныя закрытыя індэксы.

Гэта, дадаў ён, дазволіць даследчыкам праводзіць цалкам незалежныя даследаванні прозвішчаў, а таксама шукаць геаграфічныя назвы з дапамогай індэксаў. Паводле слоў кіраўніка Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці, гэта павысіць адкрытасць архіваў і палегчыць працу даследчыкаў.

Учора 17-га ліпеня Уладзімір Зяленскі абвясціў, што будуць адкрыты ўсе архівы Службы бяспекі Украіны і Службы знешняй разведкі Украіны, якія тычацца, як ён выказаўся, трагічных падзей 20-га стагоддзя на Валыні.

ПР/юл