Будынак пасольства Літвы ў Кіеве быў пашкоджаны падчас начнога расійскага ўдару па сталіцы Украіны. Ніхто з супрацоўнікаў не пацярпеў. Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што ракета ўпала побач з агароджай пасольства. Выбух пашкодзіў вокны, дах і сонечныя батарэі.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа асудзіў атаку, падкрэсліўшы, што «расійскі тэрор не ведае межаў» і нагадаўшы ўсім, што Украіна абараняе не толькі сваіх грамадзян, але і бяспеку ўсёй Еўропы. Ён заклікаў партнёраў павялічыць падтрымку Кіева, асабліва шляхам прадастаўлення больш сучасных сістэм супрацьпаветранай абароны.
— Украіне трэба даць сродкі для абароны свайго неба, свайго народа і нашай агульнай свабоды, — падкрэсліў літоўскі лідар.
Прэзідэнт Літвы запэўніў аб падтрымцы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і ўкраінскага народа.
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс абвясціў, што ў сувязі з інцыдэнтам прадстаўнік Расіі будзе выкліканы ў Міністэрства замежных спраў у Вільнюсе і яму будзе ўручана нота пратэсту.
— Расійская кампанія тэрору супраць Украіны працягваецца і не мае межаў. Няма ніякіх прыкмет рэальнага жадання спыніць яе, дасягнуць міру або пачаць перамовы. Мэта Крамля застаецца ранейшай: разбурэнне, смерць і запалохванне, — напісаў міністр на сайце X. Ён дадаў, што неабходна «ўзмацніць ціск на Расію праз больш жорсткія санкцыі і ўзмацніць падтрымку Украіны».
IAR/нг