Украінскія ваенныя аналітыкі мяркуюць, што расійскія ракеты і дроны, якія з 2022 года парушалі паветраную прастору Польшчы, маглі падаць не выпадкова. Пра гэта піша выданне Forsal са спасылкай на ўкраінскі Defense Express, які правёў аналіз месцаў падзення расійскіх лятальных апаратаў.
Паводле аналітыкаў, шэраг інцыдэнтаў адбыўся паблізу прадпрыемстваў абароннай прамысловасці і важных ваенных аб'ектаў. На іх думку, гэта можа сведчыць пра пэўную заканамернасць і патрабуе дадатковага вывучэння эфектыўнасці польскай сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Нагодай для новага аналізу стаў інцыдэнт ад 30 ліпеня, калі расійская крылатая ракета Х-101 упала каля населенага пункта Тарнава-Калёнія. Нягледзячы на дзеянні чатырох знішчальнікаў і самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення, ракету не ўдалося збіць.
Паводле аналітыкаў, з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў Польшчы было зафіксавана больш за дваццаць выпадкаў падзення расійскіх дронаў, два інцыдэнты з крылатымі ракетамі і некалькі дзясяткаў выпадкаў, звязаных з паветранымі шарамі.
Эксперты звяртаюць увагу, што адна з расійскіх ракет Х-55 у снежні 2022 года праляцела над тэрыторыяй Польшчы больш за 450 кіламетраў і ўпала каля Быдгашчы, дзе размешчаны важныя прадпрыемствы абароннай прамысловасці. Іншая ракета Х-555 упала непадалёк ад Цэнтральнага прамысловага раёна, дзе знаходзяцца буйныя польскія вытворцы ўзбраення і боепрыпасаў.
Падобную заканамернасць, паводле аўтараў даследавання, можна заўважыць і ў выпадку расійскіх дронаў. Некаторыя з іх былі знойдзены побач з радыёлакацыйнымі пастамі далёкага выяўлення і авіябазамі польскіх Узброеных сіл.
Гэтыя факты самі па сабе не даказваюць наўмыснага выбару мэтаў, аднак могуць быць падставай для паглыбленага аналізу працы польскай супрацьпаветранай абароны. Украінскія эксперты таксама лічаць, што Варшава магла б яшчэ больш цесна абменьвацца інфармацыяй з Украінай пра паветраныя пагрозы, што дазволіла б хутчэй выяўляць і адсочваць расійскія ракеты і дроны.
нг