Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Дроны ўдарылі па складах Wildberries на Урале — гэта тысячы кіламетраў ад мяжы з Украінай

07.08.2026 09:54
Усе пастаўкі часова спыненыя.
      .
Удар украінскіх БПЛА па складах у Екацерынбургу. Фота: сацсеткі, калаж УНІАН

Украінскія беспілотнікі даляцелі да Урала і нанеслі ўдар па лагістычным комплексе Wildberries у Екацярынбургу, які знаходзіцца прыкладна за дзве тысячы кіламетраў ад украінскай мяжы. У сацыяльных сетках з'явіліся кадры пажару пасля атакі,  піша УНІАН.

Як паведамляе выданне Astra, раніцай Расавіяцыя ўвяла часовыя абмежаванні на прыём і адпраўку самалётаў у аэрапорце Кальцова ў Екацярынбургу. Акрамя таго, губернатар Свярдлоўскай вобласці Дзяніс Паслер абвясціў у рэгіёне рэжым небяспекі ў сувязі з пагрозай дронаў.

Пазней у інтэрнэце з'явіліся відэа, на якіх, як паведамляецца, украінскі беспілотнік «Люты» атакуе склад Wildberries. Telegram-каналы апублікавалі кадры, на якіх над лагістычным цэнтрам падымаюцца слупы чорнага дыму, а пажар узмацняецца.

Пазней кампанія Wildberries пацвердзіла атаку на лагістычны комплекс і паведаміла, што ўсе пастаўкі часова спыненыя.

— На лагістычным аб'екце кампаніі ў Екацярынбургу працуюць пажарныя. У выніку атакі ўзнікла ўзгаранне. Персанал быў загадзя эвакуяваны. Прыём новых паставак часова абмежаваны, іх перанакіроўваюць на іншыя аб'екты, — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

Паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Расіі ў Уральскай федэральнай акрузе Арцём Жога паведаміў, што з комплексу эвакуявалі каля 800 чалавек. Паводле яго слоў, пацярпелых няма.

У сваю чаргу губернатар Свярдлоўскай вобласці заявіў, што тры беспілотнікі ўпалі на дах лагістычнага цэнтра, а пажарныя працягваюць ліквідацыю ўзгарання.

Раней украінскія дроны ўжо наносілі ўдары па аб'ектах Wildberries. У ноч на 5 жніўня быў атакаваны склад кампаніі ў Тульскай вобласці плошчай каля 200 тысяч квадратных метраў. Гэты лагістычны цэнтр, адкрыты ў 2022 годзе, абслугоўваў пастаўкі ў некалькі рэгіёнаў цэнтральнай Расіі і часткова разгружаў лагістычную інфраструктуру Маскоўскага рэгіёна.

За дзень да гэтага, 4 жніўня, беспілотнікі атакавалі адзін з найбуйнейшых складоў Wildberries ў Ленінградскай вобласці плошчай 154 тысячы квадратных метраў.

нг