Служба бяспекі Украіны заклікала грамадзян быць асабліва пільнымі напярэдадні і ў Дзень Незалежнасці Украіны 24 жніўня з-за пагрозы тэрактаў з боку ворага. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СБУ, аб чым піша УНІАН.
— Ва ўмовах поўнамаштабнай вайны вораг можа выкарыстоўваць масавыя мерапрыемствы для ажыццяўлення абстрэлаў, правакацый, тэрактаў, дыверсій, кібератак і іншых злачынстваў, — падкрэслілі ў спецслужбе.
Таксама Служба бяспекі заклікала напярэдадні і падчас святочных мерапрыемстваў выконваць некалькі базавых правілаў:
- не ігнараваць сігналы паветранай трывогі і загадзя вызначыць найбліжэйшае сховішча;
- не набліжацца да падазроных прадметаў і не спрабаваць самастойна іх перамяшчаць ці правяраць;
- у выпадку выяўлення падазроных асоб, прадметаў або іншых прыкмет магчымай незаконнай дзейнасці паведамляць аб гэтым праваахоўным органам;
- не выконваць просьбы невядомых асоб (нават калі яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў), якія даюць сумнеўныя даручэнні, у прыватнасці, ажыццявіць фота- або відэаздымкі пэўных аб'ектаў, перадаць пасылку або пакінуць прадмет у паказаным месцы.
Акрамя таго, СБУ нагадала, што нельга публікаваць фота і відэа з месцаў размяшчэння вайсковых аб'ектаў, аб'ектаў крытычнай інфраструктуры, блокпастоў, сродкаў супрацьпаветранай абароны, а таксама не распаўсюджваць інфармацыю аб наступствах абстрэлаў, працы СПА або перамяшчэнні ўкраінскіх вайскоўцаў.
Служба бяспекі таксама падкрэсліла, што расійскія спецслужбы могуць рабіць спробы ўцягнуць украінцаў у падрыхтоўку тэрактаў і здзяйсненне дыверсій. Таму, калі невядомыя асобы прапануюць грошы за падпалы, пашкоджанне маёмасці, устаноўку невядомых прадметаў, збор інфармацыі аб ваенных аб'ектах або іншыя супрацьпраўныя дзеянні, неабходна неадкладна паведамляць аб гэтым у спецслужбу.
нг