Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Данія плануе ўзмацніць правілы знаходжання грамадзян Украіны

22.08.2026 19:03
У апошні час аналагічныя крокі прадпрынялі Нарвегія і Швейцарыя.
   .
Населены пункт у Даніі. Tedd/pixabay.com/CC0 Public Domain

Данія плануе ўзмацніць жорсткасць правілаў знаходжання ўкраінскіх бежанцаў на сваёй тэрыторыі. Урад у Капенгагене прапануе прадастаўляць прытулак толькі выхадцам з прыфрантавых рэгіёнаў, паведамляе Польскае агенцтва друку PAP.

Згодна з прапанаванымі зменамі, 14 абласцей заходняй і цэнтральнай Украіны могуць быць прызнаныя адносна бяспечнымі для грамадзянскага насельніцтва. У той жа час Кіеў з гэтага спісу прапануецца выключыць. Такім чынам, украінцы, якія прыбываюць у Данію з гэтых рэгіёнаў, у будучыні не змогуць аўтаматычна атрымаць абарону, як раней.

Адным з галоўных аргументаў урада з'яўляецца нагрузка на мясцовыя абшчыны. Міністр па справах іміграцыі і інтэграцыі Даніі Мортэн Бёскоў паведаміў, што ў цяперашні час у краіне пражывае каля 47 тыс. 600 грамадзян Украіны.

Паводле яго слоў, некаторыя муніцыпалітэты сутыкаюцца з цяжкасцямі пры пошуку жылля для такой вялікай колькасці ўкраінцаў, а таксама з іх інтэграцыяй у дацкае грамадства.

Урад у Капенгагене прапануе таксама ўвесці дадатковыя патрабаванні для ўкраінцаў адносна атрымання сацыяльных дапамогаў. У прыватнасці, гутарка ідзе аб магчымым увядзенні працоўнага абавязку. Акрамя таго, плануецца перагледзець нормы, якія датычаць школьнага абавязку дзяцей. Актуальна ўкраінцам дазваляецца атрымліваць адукацыю на англійскай ці ўкраінскай мовах, у тым ліку дыстанцыйна.

Мортэн Бёскоў нагадаў, што ў апошні час аналагічныя крокі прадпрынялі Нарвегія і Швейцарыя. Паводле яго слоў, узмацненне міграцыйных правілаў у гэтых краінах прывяло да скарачэння колькасці заяў на атрыманне відаў на жыхарства.

вс