Прэзідэнт Літвы абвясціў, што ведае падрабязнасці перамоваў кіраўніка ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскве, аднак не можа іх раскрываць. Гітанас Наўседа заявіў літоўскім журналістам, што сустрэча кіраўніка ЦРУ ў Маскве была накіравана на тое, каб «адправіць канкрэтны пасыл, які неабходна было адправіць у цяперашняй сітуацыі»:
— Магу толькі сказаць, што сустрэча дасягнула заяўленых мэтаў і паслужыла зніжэнню напружанасці ў рэгіёне. Я вельмі спадзяюся, што гэтае пасланне дайшло да крамлёўскага рэжыму ў патрэбны час, — заявіў прэзідэнт Літвы.
Наўседа таксама адзначыў, што агульная сітуацыя з бяспекай застаецца напружанай, але не згодны з ацэнкай таго, што яна нядаўна рэзка пагоршылася.
На мінулым тыдні дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф наведаў Маскву з нечаканым візітам. Сайт «Politico» паведаміў, што ён папярэдзіў расійскіх чыноўнікаў аб небяспецы эскалацыі канфлікту з саюзнікамі ЗША па НАТА, у тым ліку з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой.
IAR/аз