На Захадзе эксперты палічылі няўдалым запуск другой партыі расійскіх спадарожнікаў сувязі з сістэмы «Расвет», якую Крэмль называе расійскім аналагам сістэмы Starlink. Аднак, паводле інфармацыі, апублікаванай у пятніцу ўкраінскім сайтам «Militarnyj», некаторыя спадарожнікі змаглі дасягнуць запланаваных арбіт.
«Большасць новых спадарожнікаў у цяперашні час знаходзяцца вышэй за спадарожнікі з першай партыі адначасовага запуску», — напісаў сайт у сваім аналізе траекторыі. Паводле звестак «Militarnyj-га», аналіз траекторыі паказвае, што спадарожнікі былі дастаўлены на вышыню прыблізна 300–400 км над Зямлёй і цяпер паступова павялічваюць сваю вышыню з дапамогай уласных рухавікоў. Гэты працэс ідзе па плане і, як чакаецца, зойме некалькі месяцаў.
Згодна з дадзенымі сістэмы адсочвання касмічных аб'ектаў N2YO, на якія ў аўторак спасылаўся амерыканскі аналітычны цэнтр Інстытут вывучэння вайны (ISW), ніводзін з 16 спадарожнікаў «Расвет», запушчаных у ліпені, не дасягнуў мэтавай вышыні. Паведамляецца, што большасць з іх затрымаліся на арбіце на вышыні ад 300 да 400 км замест запланаваных 870 км.
Першая партыя спадарожнікаў «Расвет» была запушчана 23 сакавіка. Дванаццаць з 16 спадарожнікаў дасягнулі запланаванай арбіты і забяспечваюць расійскім войскам ва Украіне два кароткія вокны сувязі ў дзень, агульнай працягласцю да паўтары гадзіны. Другая партыя спадарожнікаў была запушчана 19 ліпеня. Паводле ўкраінскага навінавага сайта, чатыры спадарожнікі маюць праблемы, але астатнія ў цяперашні час працуюць належным чынам.
Паводле звестак Інстытута бяспекі і развіцця, цяперашняя колькасць спадарожнікаў «Расвет» уяўляе пагрозу для Украіны, бо яна можа дазволіць расійскім войскам наносіць больш дакладныя ўдары з выкарыстаннем дыстанцыйна кіраваных беспілотных сістэм і выкарыстоўваць спадарожнікавую сувязь нават у перыяды абмежаванай сувязі. Нават часткова паспяховыя запускі спадарожнікаў «Расвет» могуць дазволіць расійскім вайскоўцам усё часцей выкарыстоўваць спадарожнікавую сувязь на полі бою і падчас атак на Украіну, адзначыў аналітычны цэнтр.
У сярэдзіне жніўня ўкраінскія войскі атакавалі ракетна-касмічны завод «Прагрэс» у Самары (на паўднёвым усходзе еўрапейскай часткі Расіі), які вырабляе ракеты «Саюз», а таксама спрабавалі атакаваць касмадром Плясецк у Архангельскай вобласці (на поўначы еўрапейскай часткі Расіі), з якога запускаюцца спадарожнікі «Расвет». У чацвер украінскія беспілотнікі атакавалі завод ракетных рухавікоў у Пермскім краі.
PAP/юл