Польшча паскарае ўзмацненне бяспекі ўсходняй мяжы і рыхтуе план транзітнага калідора на выпадак эвакуацыі жыхароў балтыйскіх краінаў. Гэта адказ на магчымую эскалацыю расійскай вайны і рост правакацый з боку Масквы.
Галоўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы патлумачыла, што работы ўключаюць, сярод іншага, будаўніцтва назіральных і вартавых пастоў паблізу польска-ўкраінскай мяжы, то бок у Дарагуску, Медыцы і Карчовай.
Паскарэнне рэалізацыі праграмы па ўмацаванні бяспекі ўсходніх і паўночных межаў Польшчы пад назвай «Усходні шчыт» (афіцыйна: План нацыянальнай бяспекі) — гэта вынік расту пагрозы з боку Расіі, у тым ліку атакаў, якія ўсё часцей Расія праводзіць ля польска-ўкраінскай мяжы.
Пасля таго, як у мінулую нядзелю расійскі рэактыўны беспілотнік выбухнуў каля памежнага перахода ў Дарагуску на ўкраінскім баку, а яшчэ адзін ударыў у цягнік Кіеў — Варшава, таксама каля польскай мяжы, віцэ-прэм’ер і кіраўнік Мінабароны абвясціў аб намаганнях па ўмацаванні памежных пераходаў.
— Мы ўмацоўваем бяспеку нашых памежных пераходаў з Украінай. Апошнія дні паказалі, што дзеянні Расіі пагражаюць бяспецы ўсёй Еўропы, — напісаў Уладзіслаў Касіняк-Камыш на платформе X.
У тым ліку бяспеку на мяжы ўмацуюць дадатковыя вайсковыя падраздзяленні — на ўсходнюю мяжу былі адпраўленыя жаўнеры 18-га Інжынернага палка, якія выконваюць задачы па ўмацаванні пастоў і памежнай інфраструктуры.
— Кожная пара рук, кожны жаўнер, які з'явіцца тут, на мяжы нашай краіны, абавязкова дапаможа нам абараняць гэтую мяжу, — падкрэслівае прэс-сакратар каменданта Надбужанскага падраздзялення Памежнай службы маёр Дарыюш Сянніцкі (Dariusz Siennicki).
Памежная служба звярнулася да вайскоўцаў з просьбай дапамагчы падрыхтаваць бамбасховішчы на памежных пераходах з Украінай.
Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык (Cezary Tomczyk) заявіў, што меры бяспекі ў першую чаргу прызначаны для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў Памежнай службы.
— У выпадку пагрозы ці атакі дзяржаўная мусіць надалей ахоўвацца, то бок памежнікі апынуцца на першай лініі. Менавіта таму, трэба паклапаціцца пра іх жыццё і здароўе. Тут правілы адназначныя, эвакуацыя на памежных пераходах адбываецца раней, але гэта не значыць, што пасты пустыя — там застаюцца памежнікі, — кажа віцэ-міністр.
Паводле інфармацыі ўладаў, інжынерныя войскі ўжо ўмацавалі памежны пераход Дарагуску.
— Тут гаворка не ідзе пра нейкія тэндэры, ці буйныя будаўнічыя пляцоўкі. Інакш кажучы, інжынерныя палкі разам са сваім тэхнічным забеспячэннем накіроўваюцца на мяжу, каб з дапамогай тэхнікі і розных будаўнічых элементаў маглі пачаць працэс забеспячэння неадкладна — па загаду, — кажа Цэзары Томчык.
Як паведаміла Галоўнае камандаванне Узброеных Сіл, жаўнеры 4-га і 18-га Інжынерных палкоў будуюць памежныя ўмацаванні з выкарыстаннем фартыфікацыйных сістэм «HESCO Bastion».
Гэта модульная сістэма для хуткага будаўніцтва часовых або паўпастаянных умацаванняў, барʼераў і сценаў, якія ахоўваюць ад паводак і выбухаў — гэта канструкцыя з мяшкоў, напоўненых пяском у металічным каркасе. Сховішча можа змясціць некалькі чалавек, кажа маёр Дарыюш Сянніцкі (Dariusz Siennicki).
Гэта два пасты — адзін з боку ўваходу, другі з боку выхаду з перахода. Калі раптам нешта адбываецца на пераправе, памежнік, які дзяжурыць на кантрольна-прапускным пункце, накіроўваецца ў сховішча, каб перачакаць пагрозу, — патлумачыў маёр Сянніцкі.
Расія ўзмацняе напады ніжэй за парог вайны, кажа старшыня Камітэта па замежных справах Сейма. Павел Коваль (Paweł Kowal) лічыць, што расіяне імкнуцца даказаць, што быццам бы НАТА не працуе.
— Сэнс у тым, каб максімальна абвастрыць сітуацыю, але не да звычайнага нападу. У будучыні расіяне, хутчэй за ўсё, будуць шукаць такую магчымасць для атакі, каб Захад усё ж не вырашыў прымяніць артыкул 5. НАТА, як занадта жорсткую рэакцыю, — кажа Павел Коваль.
Між тым, жыхары Дарагуска — мясцовасці, дзе нядзельныя выбухі былі выразна чутныя, асцерагаюцца, што расійскія беспілотнікі могуць заляцець на польскі бок.
— Заўсёды ёсць рызыка, але лепш, калі б яе не было, — кажуць яны.
Небяспека цалкам рэальная, бо расіяне ўсё часцей выкарыстоўваюць рэактыўныя беспілотнікі, якія цяжка абясшкодзіць украінскай паветранай абароне. Дадаткова яны павялічваюць маштабы сваіх нападаў на захадзе Украіны і спрабуюць паралізаваць працу памежных пераходаў з Польшчай.
У сваю чаргу Падляскае ваяводства рыхтуецца да ролі транзітнага калідора на выпадак эвакуацыі жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Уключэнне Падляскага ваяводства ў сістэму эвакуацыі краін Балтыі — гэта рэакцыя Польшчы на рызыку эскалацыі канфлікту.
Падляскі віцэ-ваявода Павел Крутуль (Paweł Krutul) заявіў, што рэгіён мае планы масавай эвакуацыі сваіх жыхароў, але новая задача — велізарная.
— Гэта новы і велізарны выклік, а польскае МУС патрабуе, каб мы справіцца з ім як мага хутчэй. Мы таксама не можам адтэрмінаваць гэтую задачу, бо мы павінны быць гатовымі да розных найгоршых сцэнарыяў, — кажа віцэ-ваявода.
Транзітны калідор у Падляскім ваяводстве прызначаны на выпадак неабходнасці прыняць у Польшчы хвалю бежанцаў з краін Балтыі. Першая сустрэча па гэтай справе запланаваная на кастрычнік. Падчас яе будуць прадстаўлены рэкамендацыі ўрада.
IAR/аз