Украінскія сілы ў ноч на 20 верасня нанеслі масіраваны ўдар па маскоўскім рэгіёне, у тым ліку па НПЗ «Газпрамнафты» ў Капотні. Генштаб УСУ пацвердзіў значныя пашкоджанні трох установак прадпрыемства: першаснай і комплекснай перапрацоўкі нафты, а таксама ўстаноўкі ізамерызацыі. Завод перапрацоўвае каля 12 млн тон нафты штогод і, паводле ўкраінскага Генштаба, забяспечвае патрэбы расійскага войска.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што падчас атакі выкарыстоўваліся розныя далёкабойныя сродкі, уключаючы «Фламінга», «Паляніцу», «Люты», FP-1 і новую ракету «Пелікан». Пра яе баявое прымяненне Украіна паведаміла ўпершыню.
«Пелікан» (FP-7) распрацавала ўкраінская кампанія Fire Point. Ракета здольная несці да 150 кг баявой часткі і мае заяўленую далёкасць да 200 км. Раней кампанія паведамляла пра падрыхтоўку FP-7 да баявых выпрабаванняў.
Fire Point таксама рыхтуе больш далёкабойную FP-9 з заяўленай далёкасцю да 850 км. Яе баявое выкарыстанне плануецца пачаць напрыканцы восені. Украіна заяўляе, што ўдары па расійскай нафтавай інфраструктуры накіраваныя на зніжэнне ваенна-эканамічнага патэнцыялу Расіі.
iar/pap/эж