Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Канцлер Германіі: Праз два тыдні ў Берліне адбудзецца сустрэча «Кааліцыі ахвотных»

04.11.2026 10:45
Сёння ў Бруселі праходзіць сустрэча па пытаннях гарантыяў бяспекі Украіны і яе пасляваеннага аднаўлення.
  i
Уладзімір Зяленскі i Фрыдрых Мерц PAP/EPA/CLEMENS BILAN

«Кааліцыя ахвотных» сустрэнецца ў Берліне праз два тыдні, паведаміў канцлер Германіі пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны. «Кааліцыя ахвотных» — гэта аб'яднанне больш чым 30 краін (галоўным чынам еўрапейскіх), якое падтрымлівае Украіну ў яе абароне ад расійскай агрэсіі і абмяркоўвае магчымы ўдзел у міратворчых або абарончых місіях.

Фрыдрых Мерц і Уладзімір Зяленскі падкрэслілі, што запланаваная на наступным тыдні ў Абу-Дабі трохбаковая сустрэча прадстаўнікоў Украіны, ЗША і Расіі не прынясе рашэння, калі ў ёй не будуць удзельнічаць прадстаўнікі Еўропы.

Кіраўнік ураду Германіі паведаміў пра працяг ваеннай дапамогі Украіне і пашырэнне супрацоўніцтва ў забеспячэнні энергетычнай інфраструктуры напярэдадні зімы. Ён таксама назваў прыярытэты саміту кааліцыі краін, якія падтрымліваюць Кіеў.

Першы — каардынацыя далейшай дапамогі Украіне. Другі — умацаванне гарантыяў бяспекі пасля аднаўлення міру ва Украіне і трэці — каардынацыя дыпламатычных намаганняў.

— Без Еўропы будучыню нашай краіны немагчыма вызначыць. Аднак нам таксама патрэбныя першыя крокі да дэскалацыі, і амерыканскі бок можа дапамагчы ў іх дасягненні. Найлепшым першым крокам было б спыненне агню, — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Сёння (4 лістапада) у Бруселі праходзіць сустрэча па пытаннях гарантыяў бяспекі Украіны і яе пасляваеннага аднаўлення. У сустрэчы, арганізаванай Еўракамісіяй, прымаюць удзел прадстаўнікі Кіева, ЗША, НАТА, Сусветнага банка, а таксама Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі. Кансультацыі працягнуцца заўтра (5 лістапада) у штаб-кватэры НАТА.

IAR/аз