Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Вялікабрытанія перадасць Украіне больш за тысячу беспілотнікаў

19.11.2026 10:02
Сёння ў Берліне адбываецца саміт гэтак званай «Кааліцыі ахвотных», то бок краінаў, якія дапамагаюць Украіне абараняцца ад Расіі.
-
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Эндзі Бернэм PAP/EPA/NEIL HALL

Вялікабрытанія перадасць Украіне больш за тысячу беспілотнікаў далёкага радыусу дзеяння. Гэта частка пакета ваеннай дапамогі ў памеры 260 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Эндзі Бернэм прадставіць яго сёння (19 лістапада) у Берліне на саміце так званай «Кааліцыі ахвотных», то бок краінаў, якія дапамагаюць Украіне абараняцца ад Расіі.

Частка са згаданых беспілотнікаў зможа пераадольваць больш за тысячу кіламетраў. Гэта прыкладна адлегласць паміж Лонданам і Берлінам. Пакет таксама ўключае беспілотнікі для назірання і дастаўкі грузаў, якія, сярод іншага, дапамогуць дастаўляць кроў і медыцынскае абсталяванне ўкраінскім жаўнерам.

Новы пакет дапамогі Лондан тлумачыць расійскімі нападамі на ўкраінскі энергетычны сектар.
Чакаецца, што ад заказаў выгаду атрымаюць брытанскія кампаніі. Больш за 80 працэнтаў фінансавання пакета будзе выдаткавана ўнутры краіны. Частка заказаў будзе накіравана малому і сярэдняму бізнесу ў Шатландыі, Уэльсе і Паўночнай Ірландыі.

Сённяшнюю сустрэчу «Кааліцыі ахвотных» у Берліне суарганізоўваюць канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэмʼер Вялікабрытаніі Эндзі Бернэм і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Чакаецца, што да перамоваў далучыцца генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, а таксама амерыканскія пасланцы Джарэд Кушнер і Стыў Уіткаф, якія, як абвясціў Кушнер, правядуць там кансультацыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Лідары абмяркуюць далейшую дапамогу Кіеву і тое, якія гарантыі бяспекі Украіна можа атрымаць пасля заканчэння вайны.

IAR/аз