Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Украінцы ў Нарвегіі самі паведамляюць спецслужбам пра асоб, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

27.11.2026 17:26
Прадстаўнікі ўкраінскай супольнасці закідаюць нарвежскім службам павярхоўную праверку бежанцаў і адсутнасць супрацоўніцтва з украінскімі арганізацыямі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:adriankirby/pixabay.com/CC0 Public Domain
Украінцы ў Нарвегіі лічаць недастатковымі дзеянні мясцовых спецслужбаў па выяўленні расійскіх шпіёнаў і самі пачалі паведамляць паліцыі і контрразведцы пра падазроных асоб. Аднак ім невядома, ці распачынаюцца расследаванні на падставе іх паведамленняў, піша нарвежская газета «Aftenposten».

Асацыяцыя ўкраінцаў у Нарвегіі яшчэ ў 2022 годзе пачала выяўляць сярод бежанцаў асоб з прарасійскімі поглядамі. На думку намесніка старшыні арганізацыі Расціслава Яўдзюхіна, некаторыя з іх гатовыя супрацоўнічаць з расійскімі спецслужбамі нават без грашовага ўзнагароджання.

— Мы вельмі баімся такіх людзей і лічым сваім абавязкам паведамляць пра іх спецслужбам, — сказаў Яўдзюхін у размове з газетай.

Прадстаўнікі ўкраінскай супольнасці закідаюць нарвежскім службам павярхоўную праверку бежанцаў і адсутнасць супрацоўніцтва з украінскімі арганізацыямі.

Былы ўкраінскі вайсковец, які на ўмовах ананімнасці пагадзіўся паразмаўляць з журналістамі «Aftenposten», прывёў шэраг прыкладаў, калі асобы, падазраваныя ў шпіянажы на карысць Расіі, траплялі ў Нарвегію з дакументамі, выдадзенымі акупацыйнымі ўладамі на тэрыторыі Украіны.

Паводле выдання, для вярбоўкі расійскія спецслужбы таксама выкарыстоўваюць штучны інтэлект і сацыяльныя сеткі, а таксама звяртаюцца да шантажу, асабліва калі бежанцы трапляюць у складаную жыццёвую сітуацыю.

Нарвежская контрразведка PST пацвердзіла газеце факты спроб вярбоўкі грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў Нарвегіі, а таксама рост пагрозы з боку расійскіх спецслужбаў.

У сярэдзіне лістапада нарвежская контрразведка папярэдзіла, што цягам бліжэйшага года ў краіне могуць адбыцца арганізаваныя расійскім бокам дыверсіі, у тым ліку падпалы, выбухі і забойствы.

У Нарвегіі знайшлі прытулак ад вайны каля 100 тысяч украінцаў.

PAP/яс