Беларуская Служба

РСЗА HIMARS перасталі быць такімі эфектыўнымі, як тады, калі іх атрымалі ўкраінцы

08.10.2024 17:04
Расійская супрацьпаветраная абарона ўсё лепш спраўляецца з HIMARS.
 HIMARS
РСЗА HIMARS на ўзбраенні Войска Польскагафота: Polskie Radio

Заходняя зброя, перададзеная Украіне, у тым ліку ракеты HIMARS, губляе сваю эфектыўнасць у выніку ваенных новаўвядзенняў расіян. Як адзначае Forsal.pl са спасылкай на амерыканскі штомесячнік The Atlantic, сістэма HIMARS, якая год таму была самай пажаданай зброяй на полі бою, цяпер мае паказчык эфектыўнасці меншы за 10%. Гэта азначае, што толькі адна з 10 ракет трапляе ў цэль. Кожная ракета, запушчаная HIMARS, каштуе прыкладна 100 000 долараў. З-за імклівага падзення эфектыўнасці HIMARS, украінцы спрабуюць замяніць іх больш таннымі беспілотнікамі.

На праблему ўражлівасці тэхнікі НАТА раней звяртаў увагу і былы вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны Валеры Залужны. Ён адзначыў, што амерыканскія ракеты Excalibur, якія кіруюцца з дапамогай GPS, «вельмі адчувальныя» да працы сістэм радыёэлектроннай барацьбы.

Трэба прызнаць, што расійская супрацьпаветраная абарона ўсё лепш спраўляецца з HIMARS. Часткова праблемы са збіваннем ракет удалося вырашыць праз укараненне мадыфікаваных пускавых установак «Панцыр» С1М. Расійскія ўстаноўкі «Бук» таксама навучыліся змагацца з ракетамі HIMARS. Канфлікт ва Украіне паказаў, наколькі хутка расійская СПА можа вучыцца.

Сёлета расіяне сталі значна хутчэй рэагаваць на абстрэлы. Расійскія беспілотнікі выяўляюць пускавыя ўстаноўкі ворага і літаральна за лічаныя хвіліны наводзяць на іх, напрыклад, расійскія ракеты «Іскандэр».

У Польшчы сістэма HIMARS была абраная ў рамках праграмы сучаснай рэактыўнай артылерыі Homar. У 2019 годзе быў падпісаны кантракт на набыццё між іншым 20 рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА). Трэба, каб разам з сістэмамі HIMАRS амерыканскі бок прадставіў Польшчы новыя рашэнні, якія дазволяць прадухіліць электронныя меры супрацьдзеяння ворага.

нг