Беларуская Служба

Украінcкія беспілотнікі атакавалі помпавую станцыю нафтаправода «Дружба» ў Бранскай вобласці

13.08.2025 16:04
«Сілы абароны працягваюць прымаць усе меры для аслаблення ваеннага і эканамічнага патэнцыялу расійскіх акупантаў».
Запарожжа PAP/EPA/OLEG MOVCHANIUK

Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны ў сераду паведаміў пра атаку ўкраінскіх беспілотнікаў на помпавую станцыю нафтаправода ў горадзе Унеча Бранскай вобласці, на захадзе Расіі. Паводле інфармацыі «Інтэрфакс-Украіна» са спасылкай на крыніцы ў ваеннай разведцы, мэтай была інфраструктура нафтаправода «Дружба».

«У ноч на 13 жніўня 2025 года падраздзяленні ракетных і артылерыйскіх войскаў, войскаў беспілотных сістэм Узброеных сіл Украіны і Галоўнага ўпраўлення ваеннай разведкі Украіны (ГУВР) сумесна з іншымі падраздзяленнямі Сілаў абароны нанеслі ўдары па шэрагу важных аб'ектаў расійскага агрэсара. У прыватнасці, у Бранскай вобласці Расіі была пашкоджана нафтаперапампоўвальная станцыя «Унеча», якая выкарыстоўваецца для забеспячэння арміі захопніка», – гаворыцца ў заяве Генеральнага штаба. 

Паводле папярэдніх высноў, у раёне будынка помпавай станцыі адбыліся трапныя ўдары і ўспыхнуў вялікі пажар. Таксама паступалі паведамленні пра выбухі ў раёне рэзервуарнага парку і ў месцы размяшчэння галоўных і дапаможных помпаў.

Генеральны штаб паведаміў, што помпавая станцыя «Унеча» адначасова транспартуе сырую нафту па двух трубаправодах. Яна можа перапампоўваць 60 мільёнаў тон сырой нафты штогод.

«Сілы абароны працягваюць прымаць усе меры для аслаблення ваеннага і эканамічнага патэнцыялу расійскіх акупантаў, недапушчэння паставак гаруча-змазачных матэрыялаў арміі захопніка і прымусу Расіі спыніць узброеную агрэсію супраць Украіны», – гаворыцца ў заяве.

ав