Беларуская Служба

Эстонія гатова адправіць ва Украіну сваіх жаўнераў 

03.09.2025 13:04
Эстонія з’яўляецца актыўным удзельнікам кааліцыі дзяржаў, гатовых аказаць Украіне ваенную падтрымку.
Жаўнеры УС Эстоніі https://x.com/MoD_Estonia

Эстонія гатовая накіраваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну ў межах гарантый бяспекі, — заявіў прэзідэнт краіны Алар Карыс. На прэс-канферэнцыі ў Бруселі палітык падкрэсліў, што Эстонія з’яўляецца актыўным удзельнікам кааліцыі дзяржаў, гатовых аказаць Украіне ваенную падтрымку.

«Украіна заслугоўвае завяршэння вайны, але мы ведаем з уласнай гісторыі, што толькі добра падрыхтаваны мір можа быць трывалым. Таму ўрад Эстоніі гатовы накіраваць войскі ў складзе «Кааліцыі рашучых», каб гарантаваць устойлівы мір ва Украіне. Мы і надалей будзем удзельнічаць у гэтых намаганнях», — сказаў Карыс.

У чацвер, 4 верасня, у Парыжы адбудзецца сустрэча «Кааліцыі рашучых». Арганізатарам выступае прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. У дыскусіях возьме ўдзел прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Перамовы будуць прысвечаныя гарантыям бяспекі для Украіны і ацэнцы пазіцыі Расіі, якая ўпарта адмаўляецца ад спынення агню. У Парыж прыбудуць прэм’ер Вялікабрытаніі Кір Стармер і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, якія сустрэчацца ў Елісейскім палацы з Эмануэлем Макронам. Да перамоваў далучацца і прадстаўнікі НАТА ды Еўрапейскага саюза.

IAR/эж