Беларуская Служба

Больш за 1 200 мірных жыхароў Украіны забілі расійскія касетныя бомбы з пачатку вайны - эксперты

15.09.2025 14:03
Паводле The Cluster Munition Coalition, такога віду зброю выкарыстоўваюць абодва бакі ўзброенага канфлікту.
The Cluster Munition Coalition
The Cluster Munition Coalition апублікавала штогадовую справаздачускрыншот/the-monitor.org

З пачатку вайны расійскія касетныя бомбы забілі больш за 1 200 мірных жыхароў Украіны. Пра гэта паведамляецца ў штогадовай справаздачы The Cluster Munition Coalition (CMC), арганізацыі, якая змагаецца за забарону вытворчасці і выкарыстання такога віду зброі.

Арганізацыя паведаміла, што Расія выкарыстоўвае касетныя бомбы з пачатку паўнамаштабнай вайны. Яна дадала, што Украіна таксама выкарыстоўвае гэты тып боепрыпасаў.

Паводле справаздачы, у 2024 годзе з-за выкарыстання касетных бомб ва Украіне было зафіксавана не менш за 193 смерці з агульнай колькасці 314 па ўсім свеце.

Аўтары справаздачы падкрэсліваюць, што колькасць ахвяр ва Украіне заніжаная, бо Расія здзейсніла, як мінімум, 40 нападаў з выкарыстаннем такіх снарадаў, пра колькасць ахвяраў якіх не паведамлялася.

Касетныя бомбы і боепрыпасы могуць быць скінуты з самалётаў або выпушчаны артылерыяй. Яны выбухаюць у паветры, рассыпаючыся на меншыя часткі, якія ўяўляюць сабой доўгатэрміновую пагрозу, паколькі дзейнічаюць як міны, то бок могуць выбухнуць нават праз некалькі гадоў.

IAR/аз