Беларуская Служба

Украіну чакае насычаны дыпламатычнымі падзеямі тыдзень

08.12.2025 08:17
Ён будзе звязаны з намаганнямі па спыненні вайны ва Украіне.
Уладзімір Зяленскі https://t.me/V_Zelenskiy_official/16976

Новы тыдзень будзе насычаны дыпламатычнымі падзеямі, звязанымі з намаганнямі па спыненні вайны ва Украіне, абвясціў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі ў відэазаяве, апублікаванай у СМІ ў нядзелю ўвечары.

«Мы пачынаем новы тыдзень дыпламатычнай актыўнасці – адбудуцца кансультацыі з еўрапейскімі лідарамі. Перш за ўсё, мы абмяркуем пытанні бяспекі (...), пакеты падтрымкі нашай абароны, (...) доўгатэрміновае фінансаванне Украіны. Вядома, мы таксама абмяркуем (...) агульную перамоўную пазіцыю», – абвясціў прэзідэнт Зеленскі.

Украінскі лідар, паводле «Украінскай праўды», таксама згадаў пра «змястоўныя перамовы з прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША» адносна мірнага плана для Украіны, падкрэсліўшы, што яны былі канструктыўнымі, але няпростымі. «Амерыканскія прадстаўнікі знаёмыя з асноўнымі перадумовамі перамоўнай пазіцыі Украіны», – заявіў прэзідэнт Зеленскі ў сваёй вячэрняй відэазаяве.

Украінскі прэзідэнт абвясціў у суботу, што правёў тэлефонную размову са спецыяльным пасланнікам ЗША Стывам Віткоўфам і зяцем прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам па ключавых пытаннях, звязаных са спыненнем кровапраліцця і прадухіленнем далейшай узброенай агрэсіі з боку Расіі.

Украінскі лідар дадаў, што чакае падрабязнай інфармацыі па ўсіх пытаннях, якія абмяркоўваліся падчас нядаўніх амерыкана-расійскіх перамоваў у Маскве.

На мінулым тыдні падчас перамоваў у Фларыдзе амерыканскі бок прадстаўлялі спецыяльны пасланнік Стыў Віткоф і зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер, а ўкраінскі бок – Рустэм Умераў і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал Андрэй Гнатаў.

«Некаторыя пытанні можна абмеркаваць толькі асабіста: Умераў і Гнатаў будуць прапаноўваць мне тэмы, а я буду размаўляць з еўрапейскімі лідарамі – у нас запланаваны сустрэчы ў Лондане, а таксама ў Бруселі», – дадаў Зяленскі. Адначасова ён выказаў падзяку Віткофу і Кушнеру за тое, што ён назваў іх гатоўнасцю весці перамовы 24/7.

У панядзелак у Лондане прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц абмяркуюць з украінскім прэзідэнтам амерыканскія прапановы па спыненні вайны Расіі з Украінай.

ав