Прэс-сакратар МЗС Расіі Марыя Захарава ў інтэрв’ю агенцтву TASS абвінаваціла Захад у вядзенні «гібрыднай вайны» супраць Расіі і ў пераследзе расійскіх журналістаў. Яна заявіла, што расійскія медыя за мяжой нібыта «прарываюць інфармацыйную блакаду» і змагаюцца з «ілжывымі звесткамі», якія, на яе думку, распаўсюджвае Захад - чытаем на сайце Defence24.
Паводле слоў Захаравай, расійскія журналісты дзейнічаюць ва ўмовах ціску, русафобіі і дыскрымінацыі, а таксама сутыкаюцца з пагрозамі здароўю і жыццю. Яна падкрэсліла, што, нягледзячы на «цэнзурныя бар’еры», расійскім СМІ ўдаецца пашыраць сваю аўдыторыю нават у краінах з нецярпімым стаўленнем да альтэрнатыўных поглядаў.
Гэтыя выказванні ўпісваюцца ў характэрную для Крамля дэзінфармацыйную мадэль, калі агрэсар прадстаўляе сябе ахвярай. Нягледзячы на тое, што Расія пайшла вайной ва Украіну, адказнасць за канфлікт яна перакладае на Захад і краіны, якія падтрымліваюць Кіеў. Санкцыі і міжнародная крытыка падаюцца як частка варожай інфармацыйнай кампаніі.
Важную ролю ў гэтай наратыўнай стратэгіі адыгрывае паняцце «інфармацыйнай блакады». Мова аб «гібрыднай вайне» і «цэнзуры» стварае ўражанне, што Расія нібыта знаходзіцца ў стане аблогі, а яе журналісты выконваюць місію абароны «праўды». Гэта дазваляе адцягнуць увагу ад пытанняў пра надзейнасць і стандарты расійскіх дзяржаўных медыя.
У завяршэнне Захарава звінаваціла Украіну і яе заходніх саюзнікаў у адказнасці за гібель расійскіх журналістаў і ваенных карэспандэнтаў. Яна заявіла, што за гэта «не ўдасца пазбегнуць адказнасці», ужываючы тэрміны накшталт «кіеўскі рэжым» і «неанацысты».
Эксперты адзначаюць, што такая рыторыка з’яўляецца прыкладам дэманізацыі праціўніка: эмацыйныя абвінавачанні і ярлыкі падмяняюць сабой факты і аналіз, зводзячы канфлікт да супрацьстаяння дабра і зла і абмяжоўваючы магчымасць крытычнага ўспрымання інфармацыі.
нг