Беларуская Служба

Венгрыя перакрывае газ для Украіны

25.03.2026 12:02
Міністр абароны Польшчы раскрытыкаваў гэты крок, нагадаўшы, што, змагаючыся з Расіяй, Украіна бароніць цэлае НАТА, чальцом якога зʼяўляецца і Венгрыя.
-
Прэм'ер-міністр Венгрыі і лідар партыі «Фідэш» Віктар ОрбанEPA/AKOS KAISER/ HUNGARIAN PM’S COMMUNICATION DEPARTMENT HANDOUT HUNGARY OUT Dostawca: PAP/EPA.

Венгрыя будзе паступова скарачаць пастаўкі газу ва Украіну, пакуль яны не дасягнуць нуля. Прэмʼер-міністр Венгрыі абвясціў пра гэтае рашэнне свайму кабінету міністраў. Аднаўленне паставак газу залежыць ад таго, ці адновяць украінцы транзіт расійскай сырой нафты па трубаправодзе «Дружба».

Віктар Орбан заявіў, што Венгрыя хоча супрацьстаяць нафтавай блакадзе, якую, на яго думку, увялі ўкраінцы, не адрамантаваўшы своечасова трубаправод «Дружба», пашкоджаны расійскімі бамбардзіроўкамі. Нафта з Расіі не паступае ў Венгрыю па гэтым маршруце з канца студзеня.

Раней урад у Будапешце прыпыніў экспарт дызельнага паліва ва Украіну. На гэты раз экспарт прыроднага газу ў краіну будзе паступова спынены, бо, паводле слоў Віктара Орбана, украінцы шантажуюць венграў.

— Вось чаму замест украінцаў мы цяпер напаўняем венгерскія газасховішчы. Мы будзем абараняць энергетычную бяспеку Венгрыі, — заявіў Віктар Орбан.

Палітык таксама паўтарыў свае ранейшыя заявы, што ўкраінцы нібыта плануюць напад на іншы трубаправод — паўднёвы газаправод, вядомы як «Турэцкі паток».

Прыпыненне паставак газу ва Украіну — дрэннае рашэнне. Так пракаментаваў абмежаванне паставак прыроднага газу з Будапешту ў Кіеў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Польскі міністр падкрэсліў, што, змагаючыся з Расіяй, Украіна абараняе ўсё НАТА, часткай якога зʼяўляецца таксама Венгрыя. Гэтае рашэнне дэманструе блізкасць адносін Орбана з Пуціным.

— Гэта кепская навіна, бо Украіна ўжо чатыры гады бароніць у тым ліку бяспеку Венгрыі. Мы ўзбройваемся, хочам стаць мацнейшымі, на што патрэбны час. Гэты час нам дае Украіна, якая эфектыўна супрацьстаіць Расіі. Гэта ўжо не адсутнасць дапамогі, але перашкода ў барацьбе — гэта вельмі жорсткі ды негуманітарны крок.

З канца студзеня прыпыненыя пастаўкі расійскай нафты ў Венгрыю па збамбардаваным расіянамі нафтаправодзе «Дружба». Віктар Орбан лічыць, што гэта шантажа. У адказ  Венгрыя абмяжоўвае пастаўкі прыроднага газу ва Украіну нібыта дзеля абароны сваёй энергетычнай бяспекі.

ПР/юл