Прэзідэнт Румыніі Нікушор Дан наведаў горад Галац пасля падзення расійскага дрона на шматкватэрны дом у ноч на 29 траўня. Спачатку палітык сустрэўся з пацярпелымі ў шпіталі, а затым агледзеў месца выбуху разам з міністрам унутраных спраў:
— Рэакцыя службаў грамадзянскай абароны ў гэтым раёне была вельмі хуткай, а міністр прадставіў нам меры, якія ўжо прынятыя на ўсёй патэнцыйна небяспечнай тэрыторыі: павялічана колькасць задзейнічаных людзей і рэалізаваныя ўсе неабходныя захады. Таму ў гэтым плане мы падрыхтаваныя.
У выніку інцыдэнту пацярпелі два чалавекі. Паводле румынскіх уладаў, дрон быў расійскага паходжання. Падзея выклікала шырокую рэакцыю ў свеце, бо гаворка ідзе пра чарговае парушэнне бяспекі краіны НАТА.
Салідарнасць з Румыніяй выказаў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, які асудзіў атаку і падкрэсліў, што Расія павінна несці адказнасць за дзеянні, якія пагражаюць бяспецы еўрапейскіх краін. Падтрымку Бухарэсту таксама выказалі міжнародныя партнёры, у тым ліку кіраўніцтва ЕС.
iar/pap/эж