У Харкаве расійскія беспілотнікі атакавалі два мікрараёны. Улады другога па велічыні гораду Украіны паведамілі пра разбурэнні і пашкоджанні будынкаў, у тым ліку жылога дому. Паведамляецца пра некалькі параненых.
Чатыры чалавекі атрымалі раненні ў выніку начных нападаў расійскіх беспілотнікаў на Адэсу на Чорным моры. Там адзін беспілотнік таксама ўдарыў па шматпавярховым жылым доме.
Ноч прайшла адносна спакойна ва ўкраінскай сталіцы, нягледзячы на заяву Крамля аб масіраваных нападах на Кіеў на працягу некалькіх дзён. Усё яшчэ існуе небяспека таго, што расіяне выканаюць сваю пагрозу і атакуюць горад з дапамогай беспілотнікаў, а таксама цяжказнішчальных балістычных ракет. З такім папярэджаннем выступіў прэзідэнт Уладзімір Зеленскі са спасылкай на інфармацыю разведкі.
У сваім звароце ў сацыяльных сетках Уладзімір Зеленскі заклікаў народ Украіны рэагаваць на папярэджанні.
— Важна звяртаць увагу на кожную пагрозу, на паветраныя трывогі, нават сёння. Інфармацыя разведкі аб магчымасці масіраванага нападу застаецца актуальнай. Мы ведаем, што нашы партнёры абмяркоўвалі гэта з расіянамі. Аднак мы не верым, што хтосьці ў Маскве зменіць сваё меркаванне. Вельмі важна абараніць свае жыцці — рэагаваць на пагрозы.
Прэзідэнт Уладзімір Зеленскі таксама заявіў, што ўкраінскія сродкі СПА і баявыя самалёты знаходзяцца ў стане баявой гатоўнасці, і «доля ракет і дронаў збітых украінцамі перавышае 90 працэнтаў».
За апошнія суткі ўкраінцы выкарысталі беспілотнікі далёкага радыусу дзеяння для нанясення ўдараў углыб Расіі. У выхадныя яны пашкодзілі, сярод іншага, нафтаперапрацоўчы завод у Саратаве.
ПР/юл