Беларуская Служба

Эксперт: Знішчэнне Расіяй Кахоўскай плаціны — класічны прыклад экацыду

06.06.2026 11:02
Сацыяльна-эканамічныя наступствы разбурэння Кахоўскай плаціны, несумненна, негатыўныя і сталі сапраўднай трагедыяй, заявіла PAP доктар біялагічных навук Ганна Куземка.
Сухая зямля пасля прарыву Кахоўскай плаціныPAP/DPA

— Знішчэнне расійскай арміяй Кахоўскай плаціны ва Украіне выклікала катастрафічныя сацыяльныя, эканамічныя і экалагічныя наступствы, а падрыў мясцовай гідраэлектрастанцыі адпавядае ўсім крытэрыям экацыду,  заявіла PAP доктар біялагічных навук Ганна Куземка.

6 чэрвеня 2023 года ўкраінскія ўлады, якія больш за дзесяць гадоў змагаюцца з расійскай агрэсіяй, паведамілі, што расійскія салдаты падарвалі дамбу на Дняпры ў горадзе Новакахаўка ў Херсонскай вобласці (паўднёвы ўсход Украіны). Дамба стварыла Кахоўскае вадасховішча даўжынёй 240 кіламетраў. Гідраэлектрастанцыя, размешчаная на дамбе, была цалкам разбурана. Вада затапіла дзясяткі гарадоў, выклікаўшы маштабную гуманітарную і экалагічную катастрофу.

— Сацыяльна-эканамічныя наступствы разбурэння Кахоўскай плаціны, несумненна, негатыўныя і сталі сапраўднай трагедыяй. Вакол вадасховішча была пабудавана ўся інфраструктура рэгіёна: ад гэтага залежала сельскагаспадарчае арашэнне і задавальненне прамысловых патрэб. У цяперашні час найбольш актуальнай праблемай застаецца забеспячэнне мясцовага насельніцтва пітной вадой,  сказала Куземка, член праўлення грамадскай арганізацыі «Украінская група аховы прыроды».

Паводле слоў Куземкі, аднаўленне экасістэмы пасля разбурэння Кахоўскага вадасховішча магчыма толькі часткова.

— Экалагічныя наступствы расійскай агрэсіі пагаршаюцца зменамі клімату. Уявіце сабе вугляродны след, які пакідаюць штотыднёвыя масіраваныя ракетныя і беспілотныя атакі, якія выклікаюць лясныя і стэпавыя пажары. Вядома, гэта не можа не адбіцца на здароўі людзей як ва Украіне, так і ў іншых еўрапейскіх краінах,  падкрэсліла экспертка.

Адмысловец адзначыла, што абстрэлы Расіяй прамысловых абʼектаў, паліўных складоў і энергетычнай інфраструктуры наносяць велізарную шкоду прыроднаму асяроддзю Украіны. Пажары, якія ўзнікаюць у выніку такіх нападаў, азначаюць выкід значнай колькасці забруджвальных рэчываў і парніковых газаў.

ПР/юл