Беларуская Служба

Украінскі прэзідэнт прапануе спыніць вайну, Пуцін адмаўляецца

06.06.2026 12:34
На тэму спынення вайны ва Украіне выказаўся таксама Дональд Трамп, які падтрымаў ідэю асабістай сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір ЗяленскіEPA/SERGEY DOLZHENKO Dostawca: PAP/EPA.

Уладзімір Зяленскі напісаў адкрыты ліст Пуціну з прапановай асабістай сустрэчы і спынення вайны.

— Гэтая вайна – ваш асабісты выбар. Украіна прапануе яе скончыць, — напісаў украінскі прэзідэнт.

Пуцін адказаў на ліст Зяленскага, які прапанаваў спыніць вайну, і заявіў, што пакуль не бачыць сэнсу сустракацца. Замест перамір'я, Пуцін звярнуўся да расійскіх вайскоўцаў з заклікам узмацніць агрэсію.

Украінскі лідар пракаментаваў пуцінскія словы, заявіўшы, што расійскі бок зноў выбірае вайну.

— Усе чулі сённяшні адказ. Слабы адказ. Ён проста не хоча спыняць вайну. Думаю, што многія ў свеце былі расчараваныя гэтым адказам. Ён нічога не хоча мяняць і не хоча прызнаваць, што яго вайна падабаецца толькі яму і тым, хто бярэ ў яго грошы — яны ўсе сёння вельмі ўсміхаліся. Значыць, грошай у Расіі павінна быць менш, а ціску на Расію больш.

На тэму спынення вайны ва Украіне выказаўся таксама Дональд Трамп. Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што яму ўдалося значна наблізіць Украіну і Расію да мірнага пагаднення, і падтрымаў ідэю асабістай сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага.

— Гэта я прывёў Пуціна і Зяленскага на гэтую перамоўную пазіцыю, і я думаю, што ўсё вырашыцца, — зазначыў Трамп.

Трамп дадаў, што Кіеў атрымаў усё бясплатна пры Джо Байдэне, але цяпер павінен плаціць за зброю, якую атрымлівае ад амерыканцаў.

Прэзідэнт ЗША ў чарговы раз цвёрда падкрэсліў, што недапушчальна, што столькі салдат гіне з абодвух бакоў на перадавой.

ПР/юл