У ноч на 9 чэрвеня Узброеныя сілы Украіны нанеслі новы ўдар па Чангарскім мосце, які злучае акупаваную частку Херсонскай вобласці з Крымам. Пра гэта паведаміў прызначаны Расіяй кіраўнік акупаванага рэгіёну Уладзімір Сальда.
Паводле калабаранта, мост быў пашкоджаны ў выніку атакі беспілотнікаў, пасля чаго рух транспарту давялося зноў спыніць. Таксама часова закрывалі прапускны пункт «Джанкой» — адзін з галоўных маршрутаў паміж Крымам і акупаванымі тэрыторыямі на поўдні Украіны.
Расійскі бок сцвярджае, што сістэмы супрацьпаветранай абароны нібыта збілі больш за 20 дронаў, якія накіроўваліся да моста. Аднак пра маштаб пашкоджанняў афіцыйна не паведамляецца.
Гэта ўжо другая атака на Чангарскі мост за апошнія тры дні. Пасля ўдару 7 чэрвеня рух таксама быў спынены, а аднавіць яго ўдалося толькі ў абмежаваным рэжыме.
Чангарскі мост мае важнае значэнне для расійскай арміі, бо праз яго ажыццяўляецца дастаўка боепрыпасаў, паліва і іншых грузаў для расійскіх войскаў на поўдні Украіны.
iar/эж