Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што падчас саміту G7 у французскім Эвіяне абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам магчымасць атрымання ліцэнзіі на вытворчасць ва Украіне сістэм супрацьракетнай абароны і ракет да іх.
— Я ўзняў гэтае пытанне і мы абмеркавалі яго з прэзідэнтам Трампам. Нашы каманды будуць працаваць, і, дасць Бог, гэтым разам нам удасца атрымаць ліцэнзіі на вытворчасць адпаведных сістэм супрацьбалістычнай абароны і ракет, — заявіў Зяленскі.
Паводле ўкраінскага лідара, тэма ўзмацнення супрацьпаветранай абароны стала адной з галоўных падчас сустрэч з кіраўнікамі краін «Вялікай сямёркі».
Сустрэча Трампа і Зяленскага адбылася на палях саміту G7. Пасля перамоваў амерыканскі прэзідэнт адзначыў, што сустрэча прайшла добра, а таксама заявіў, што Расія павінна пайсці на пагадненне, бо вайна ўжо прывяла да вялікіх чалавечых страт як з расійскага, так і з украінскага боку.
Украіна імкнецца атрымаць доступ да амерыканскіх тэхналогій вытворчасці сістэм Patriot і іншых сродкаў супрацьракетнай абароны, якія лічацца аднымі з найбольш эфектыўных у супрацьдзеянні расійскім балістычным ракетам.
iar/эж