Найбуйнейшы ў Расіі Омскі нафтаперапрацоўчы завод прыпыніў працу пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў, нанесенай напярэдадні, 6 ліпеня. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на дзве крыніцы ў нафтавай галіне РФ. Омск знаходзіцца ў Сібіры, больш як за 2,5 тыс. км ад мяжы з Украінай, таму гэты ўдар стаў адной з самых далёкіх атак па расійскай энергетычнай інфраструктуры з пачатку поўнамаштабнай вайны.
Паводле суразмоўцаў агенцтва, былі пашкоджаныя ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты і аб'екты інфраструктуры, што прывяло да спынення яшчэ адной тэхналагічнай лініі. Расійскія ўлады пацвердзілі факт атакі і заявілі, што пацярпелых няма, а маштабы пашкоджанняў ацэньваюцца.
Пасля ўдару завод спыніў продаж бензіну і дызельнага паліва на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы. Прадпрыемства лічыцца найбуйнейшым вытворцам бензіну ў Расіі, таму яго спыненне можа ўзмацніць дэфіцыт паліва на ўнутраным рынку.
Омскі НПЗ перапрацоўваў каля 22 млн тон нафты за год.
iar/pap/эж