Уначы ў некалькіх рэгіёнах Расіі, а таксама ў акупаваным Крыме прагучалі выбухі. Пасля атакі дронаў загарэліся склады кампаніі Wildberries у Санкт-Пецярбургу і Сімферопалі — паведамляе УНІАН.
Першыя відэа з Санкт-Пецярбурга з'явіліся каля чацвёртай гадзіны раніцы. Мясцовыя жыхары публікавалі ў інтэрнэце кадры атакі.
Спачатку паведамлялася, што быў атакаваны склад Wildberries у вёсцы Новасаратаўка Усевалажскага раёна Ленінградскай вобласці (прамысловая зона «Уткіна Завадзь»). Гэты лагістычны цэнтр знаходзіцца непасрэдна за адміністрацыйнай мяжой Санкт-Пецярбурга і абслугоўвае горад.
Пазней стала вядома, што дроны трапілі яшчэ ў адзін склад — у пасёлку Шушары Пушкінскага раёна Санкт-Пецярбурга.
Кампанія Wildberries пацвердзіла пашкоджанне двух сваіх лагістычных комплексаў.
— Праца лагістычных комплексаў Wildberries у Шушарах і Уткінай Завадзі часова прыпыненая, — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Таксама быў атакаваны сартавальны цэнтр Wildberries у Сімферопалі. Пазней у кампаніі паведамілі, што супрацоўнікаў своечасова эвакуявалі.
— Сартавальны цэнтр кампаніі ў Сімферопалі быў эвакуяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі бяспекі, — заявіла прэс-служба Wildberries.
У інтэрнэце таксама з'явіліся кадры атакі дронаў і пажару ў Цверы. Паводле папярэдняй інфармацыі, там таксама мог быць пашкоджаны склад Wildberries, аднак гэта пакуль не пацверджана. Улады рэгіёна сітуацыю не каментавалі.
Пазней камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі (пазыўны «Мадзьяр») пракаментаваў атаку на склады Wildberries.
Пасля гэтага кампанія Fire Point заявіла, што склады ў Санкт-Пецярбургу і Сімферопалі былі атакаваныя дронамі FP-1.
Паводле гэтай інфармацыі, лагістычны комплекс Wildberries у Шушарах — адзін з найбуйнейшых цэнтраў апрацоўкі і размеркавання тавараў на паўночным захадзе Расіі. Праз яго праходзіць значная частка грузапатоку для Санкт-Пецярбурга, Ленінградскай вобласці і іншых рэгіёнаў.
Комплекс «Уткіна Завадзь» у Новасаратаўцы таксама ўваходзіць у лік найбуйнейшых складскіх паркаў Ленінградскай вобласці, дзе размешчаны лагістычныя магутнасці Wildberries і іншых расійскіх кампаній.
Лагістычны хаб Wildberries у Сімферопалі быў адным з ключавых цэнтраў кампаніі на тэрыторыі часова акупаванага Крыма.
Раней паведамлялася, што ў ноч на 18 ліпеня дроны атакавалі лагістычны цэнтр Wildberries у Электрасталі пад Масквой — адзін з найбуйнейшых аб'ектаў сеткі. Тады ж быў атакаваны цэнтр кампаніі ў Котаўску Тамбоўскай вобласці. А 20 ліпеня таксама быў пашкоджаны адзін з найбуйнейшых размеркавальных цэнтраў Wildberries у Калядзіне пад Масквой.
нг