Расія ўсё больш залежыць ад імпарту нафтапрадуктаў, у некаторых рэгіёнах ужо назіраюцца сур'ёзныя праблемы з забеспячэннем палівам. Пры гэтым Масква атрымлівае рэсурсы ў першую чаргу. Пра гэта расказаў член Эканамічнага дыскусійнага клуба Алег Пендзін, пра што піша УНІАН.
Эксперт падкрэсліў, што зараз Расія актыўна нарошчвае імпарт нафтапрадуктаў з некалькіх краін.
— Расія цяпер актыўна пачала закупляць нафтапрадукты па імпарце. На іх актыўна працуюць нафтаперапрацоўчыя заводы ў Беларусі. Яны закупляюць больш за 120 тыс. тон у месяц у Казахстана. Да іх цяпер далучыліся нафтапрадукты з Індыі, — адзначыў Пендзін.
Па словах эксперта, адзін з найбуйнейшых індыйскіх НПЗ належыць расійскай кампаніі «Раснафта», а вырабленыя там нафтапрадукты пастаўляюцца ў Расію танкерамі.
Аднак, як дадаў Пендзін, Сілы беспілотных сістэм Украіны наносяць удары па лагістыцы гэтых паставак.
— З дапамогай дронаў на гэты момант Сілы беспілотных сістэм актыўна паражаюць гэтыя маршруты. Але трэба разумець: Расія ў любым выпадку вязе імпарт, — сказаў эксперт.
Ён таксама падкрэсліў нераўнамернасць размеркавання паліва ўнутры РФ. Эканаміст адзначае, што Крэмль у першую чаргу забяспечвае Маскву і цэнтральныя рэгіёны, каб стварыць ілюзію стабільнасці, у той час як перыферыя ўжо адчувае востры дэфіцыт.
— Масква і Цэнтральная федэральная акруга забяспечваюцца цалкам, каб паказаць добрую карцінку, быццам чэргаў няма. У той жа час у аддаленых суб'ектах федэрацыі няма нафтапрадуктаў нават для экстранных службаў — хуткай дапамогі або МНС. Таму трэба разумець, што аддаленыя суб'екты федэрацыі ўжо знаходзяцца ў стане калапсу. Масква ж будзе забяспечвацца.
Раней выданне Financial Times пісала, што Расія пачала закупляць у Індыі бензін, выраблены са сваёй нафты. Партыя з Індыі, якая павінна прыбыць у Расію на гэтым тыдні, хутчэй за ўсё, з'яўляецца найбуйнейшай асобнай партыяй імпартнага бензіну з моманту пачатку паліўнага крызісу, аднак гэта не адзіная крыніца паставак.
нг