Міністр абароны ЗША Піт Хэгсет даручыў Еўрапейскаму камандаванню Узброеных сіл ЗША правесці рэарганізацыю Групы бяспекавай дапамогі Украіне (SAG-U). У Пентагоне падкрэсліваюць, што гэтыя змены не адаб'юцца на аб'ёмах амерыканскай вайсковай падтрымкі.
Паводле камандавання, рэарганізацыя павінна павысіць эфектыўнасць місіі, перадаць частку ключавых функцый еўрапейскім хаўруснікам і дазволіць ЗША засяродзіць больш рэсурсаў на іншых глабальных прыярытэтах. Вярхоўны галоўнакамандуючы Аб'яднаных сіл НАТА ў Еўропе генерал Алексус Грынкевіч адзначыў, што партнёры ўжо даказалі здольнасць адыгрываць вядучую ролю ў падтрымцы Украіны.
За больш як тры з паловай гады дзейнасці SAG-U каардынавала размеркаванне звыш 2 млрд долараў дапамогі і ўзаемадзеянне з краінамі-партнёрамі. У Вашынгтоне запэўнілі, што падтрымка Украіны працягнецца ў каардынацыі з адпаведнай місіяй НАТА (NATO Security Assistance and Training for Ukraine).
pap/эж