Расія можа вырабляць каля 2800 ударных дронаў «Герань-2» у месяц, вынікае з ацэнак украінскай ваеннай разведкі. Гэта азначае больш за 33,6 тысячы беспілотнікаў у год. Асноўная вытворчасць разгорнутая ў спецыяльнай эканамічнай зоне «Алабуга» ў Татарстане, паведамляе польскі партал forsal.pl.
«Герань-2» з'яўляецца расійскай мадэрнізаванай версіяй іранскага дрона Shahed-136. Паводле ўкраінскіх звестак, з пачатку поўнамаштабнай вайны Расія ўжо выкарыстала больш за 120 тысяч Shahed. Пры гэтым Масква не толькі павялічвае аб'ёмы вытворчасці, але і пастаянна мадэрнізуе беспілотнікі.
Новыя версіі атрымліваюць удасканаленыя сістэмы навігацыі, камеры, мадэмы для перадачы дадзеных і магчымасць кіравання ў рэжыме онлайн. Мадэрнізаваныя версіі павінны ўскладняць працу ўкраінскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і павышаць устойлівасць дронаў да супрацьдзеяння.
Расія таксама эксперыментуе з выкарыстаннем «Герань-2» супраць паветраных цэляў. У некаторых збітых дронах былі выяўлены ракеты Р-60, якія могуць прымяняцца супраць украінскіх самалётаў і верталётаў. Акрамя таго, зафіксаваны варыянт з зенітным комплексам «Вярба».
Сёлета ў расійскіх дронах тыпу Shahed выявілі новыя оптыка-электронныя сістэмы, альтэрнатыўную навігацыю і інфрачырвоныя элементы. Расія таксама распрацоўвае дрон-«матку», здольны дастаўляць у раён баявых дзеянняў меншыя FPV-беспілотнікі.
эж