Расія адхіліла прапанову Турцыі аб мараторыі на ўдары па суднах у Чорным моры. Прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Масква «не бачыць перадумоў для паляпшэння сітуацыі» і падстаў пагаджацца на перамір’е. Яна таксама сцвярджае, што афіцыйнага звароту ад Анкары Расія не атрымлівала.
Міністр замежных спраў Турцыі Хакан Фідан раней паведаміў, што Анкара прапанавала Маскве і Кіеву стварыць механізм спынення атак на судны. Дыпламат удакладніў, што з падобнай просьбай раней звярталася Украіна. Турцыя папярэджвае: баявыя дзеянні пагражаюць грамадзянскаму суднаходству, камерцыйным перавозкам і сусветнай харчовай бяспецы. Пад удары трапляюць у тым ліку судны турэцкіх кампаній або з турэцкімі маракамі.
Захарава адначасова выключыла вяртанне да чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, якая ў 2022–2023 гадах забяспечвала экспарт украінскага збожжа марскім шляхам.
pap/эж