Сёння раніцай расійскую Пермь атакавалі дроны, паведамляецца аб прылёце па нафтаперапрацоўчым заводзе "Лукойл-Пермнафтааргсінтэз".
Мясцовыя СМІ і тэлеграм-каналы публікавалі відэа, як над горадам гучыць сірэна, а таксама гукі выбухаў. У рэгіянальным міністэрстве тэрытарыяльнай бяспекі заявілі, што ў Пермскім краі назіраецца атака беспілотнікаў. Таксама а шостай раніцы Расавіяцыя паведаміла, што ў аэрапорце Пярмі (Вялікае Савіна) уведзены "часовыя абмежаванні на прыём і выпуск паветраных суднаў".
Неўзабаве пасля гэтага пачалі з'яўляцца кадры, на якіх бачны вялізны слуп дыму. OSINT-аналітыкі пішуць, што быў атакаваны НПЗ "Лукойл-Пермнафтааргсінтэз" (ПНОС).
Гэта адзін з ключавых нафтаперапрацоўчых заводаў (НПЗ) Расіі. Прадпрыемства перапрацоўвае больш за 13 млн. тон нафты ў год і выпускае шырокі спектр прадукцыі, уключаючы высакаякасны бензін, дызельнае паліва, авіяцыйны керасін і змазачныя маслы. Завод — ключавы прамысловы аб'ект рэгіёну і адзін з самых сучасных, які пастаўляе паліва як на ўнутраны рынак, так і на экспарт.
НПЗ "Лукойл-Пермнафтааргсінтэз" раней ужо неаднаразова падвяргаўся нападам БПЛА. У прыватнасці, пасля атакі 7 мая на прадпрыемстве поўнасцю згарэлі 6 з 10 паліўных рэзервуараў.
У пачатку жніўня ў Расіі пачалася новая хваля паліўнага крызісу, звязаная з ударамі Украіны па нафтаперапрацоўчых заводах. Жыхары розных абласцей паведамлялі аб шматгадзінных чэргах на АЗС, а ў некаторых рэгіёнах зноў увялі абмежаванні на продаж бензіну «у адны рукі».
У прыватнасці, у Маскве на заправачных станцыях некалькіх сетак увялі ліміты на продаж паліва, нягледзячы на намаганні ўлад па забеспячэнні сталіцы за кошт пераразмеркавання аб'ёмаў з усходу РФ.
IAR/UNIAN/нг