Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што мэтай удару быў памежны пераход Ягадзін-Дарагуск. Украінская чыгунка паведаміла пра абстрэл цягніку.
Андрэй Сыбіга напісаў на платформе X, што варварскія абстрэлы Расіі ўкраінскага памежнага пераходу з Польшчай – гэта тэрор Пуціна, які «грукае непасрэдна ў дзверы Еўрапейскага Саюзу і НАТА.
— Расійскія варвары ля вашых варот, дарагія партнёры, — падкрэсліў міністр замежных спраў Украіны.
Палітык дадаў, што Уладзімір Пуцін павінен разумець, што яго варварства сустрэнецца з рашучым адказам, які падыме кошт яго вайны да непрымальнага ўзроўню.
Атака на памежны пераход Ягадзін — не адзіны інцыдэнт такога кшталту. Украінская дзяржаўная чыгунка паведаміла, што ў Валынскай вобласці, за два кіламетры ад польскай мяжы, вораг атакаваў лакаматыў пасажырскага цягніка. Маніторынгавая група загадзя папярэдзіла брыгаду цягніка аб пагрозе, дзякуючы чаму ніхто не пацярпеў.
«За апошнія 24 гадзіны расіяне сканцэнтраваліся на абстрэлах на захадзе Украіны», распавёў украінскі журналіст Алег Білецкі ў інтэрв'ю «Польскаму радыё 24».
— Гэта Валынская вобласць, якая мяжуе з Люблінскім ваяводствам, дзе знаходзіцца памежны пераход Ягадзін-Дарагуск. Таксама пад абстрэл трапілі Львоўская, Ровенская і Тэрнопальская вобласці. Выбухі будуць чуваць сёння раніцай у Тэрнопалі, яшчэ ў Івана-Франкоўскай вобласць, і непасрэдна ў горадзе Івана-Франкоўску. Там гучалі выбухі, гэта вынік удараў расійскіх беспілотнікаў.
Уначы расіяне атакавалі запраўку каля польскай мяжы, недалёка ад памежнага пераходу Ягадзін-Дарагуск. На відэа, апублікаваным у інтэрнэце, відаць пашкоджаныя і спаленыя грузавікі. Расійскі беспілотнік таксама трапіў у лакаматыў цягніка, які ехаў з Кіева ў Варшаву. Інцыдэнт адбыўся на Валыні, прыкладна за два кіламетры ад польскай мяжы.
ПР/юл