«Кааліцыя ахвотных» сустрэнецца ў Берліне праз два тыдні, паведаміў канцлер Германіі пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны. «Кааліцыя ахвотных» — гэта аб'яднанне больш чым 30 краін (галоўным чынам еўрапейскіх), якое падтрымлівае Украіну ў яе абароне ад расійскай агрэсіі і абмяркоўвае магчымы ўдзел у міратворчых або абарончых місіях.
Фрыдрых Мерц і Уладзімір Зяленскі падкрэслілі, што запланаваная на наступным тыдні ў Абу-Дабі трохбаковая сустрэча прадстаўнікоў Украіны, ЗША і Расіі не прынясе рашэння, калі ў ёй не будуць удзельнічаць прадстаўнікі Еўропы.
Кіраўнік ураду Германіі паведаміў пра працяг ваеннай дапамогі Украіне і пашырэнне супрацоўніцтва ў забеспячэнні энергетычнай інфраструктуры напярэдадні зімы. Ён таксама назваў прыярытэты саміту кааліцыі краін, якія падтрымліваюць Кіеў.
Першы — каардынацыя далейшай дапамогі Украіне. Другі — умацаванне гарантыяў бяспекі пасля аднаўлення міру ва Украіне і трэці — каардынацыя дыпламатычных намаганняў.
— Без Еўропы будучыню нашай краіны немагчыма вызначыць. Аднак нам таксама патрэбныя першыя крокі да дэскалацыі, і амерыканскі бок можа дапамагчы ў іх дасягненні. Найлепшым першым крокам было б спыненне агню, — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Сёння (4 лістапада) у Бруселі праходзіць сустрэча па пытаннях гарантыяў бяспекі Украіны і яе пасляваеннага аднаўлення. У сустрэчы, арганізаванай Еўракамісіяй, прымаюць удзел прадстаўнікі Кіева, ЗША, НАТА, Сусветнага банка, а таксама Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі. Кансультацыі працягнуцца заўтра (5 лістапада) у штаб-кватэры НАТА.
IAR/аз