Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што абмежаванні хуткасці ў амерыканскай спадарожнікавай сістэме Starshield працягваюць дзейнічаць уздоўж усёй лініі фронту і на часова акупаваных тэрыторыях.
Паводле яго, гэта ўскладняе працу ўкраінскіх вайскоўцаў, у тым ліку перахоп расійскіх рэактыўных дронаў «Шахед».
— Часова акупаваная тэрыторыя Украіны — гэта наша суверэнная тэрыторыя. А абмежаванне хуткасці там — вельмі дрэнны сігнал. Яно абмяжоўвае нашы магчымасці перахопліваць рэактыўныя дроны «Шахед» і супрацьдзейнічаць іншым беспілотнікам. Гэта таксама пасылае Расіі сігнал, што Амерыка можа па-іншаму ставіцца да нашай часова акупаванай тэрыторыі.
Прэзідэнт Украіны даручыў міністэрствам абароны і замежных спраў разам з амерыканскімі партнёрамі вырашыць праблему. Уладзімір Зяленскі таксама паведаміў, што кампанія SpaceX тлумачыць абмежаванні ў працы спадарожнікавай сістэмы Starshield тэхнічнымі праблемамі, аднак Кіеў не згодны з такім тлумачэннем, бо збоі фіксуюцца ўжо пяты дзень.
Зяленскі не выключае палітычных прычын абмежаванняў і патрабуе аднавіць ранейшыя магчымасці сістэмы, падкрэсліваючы, што праблемы маюць масавы, а не адзінкавы характар.
iar/эж