Ці рыхтуюцца ўкраінскія ўлады да змены ўлады ў Францыі? Пра гэта могуць сведчыць актывізацыя кантактаў паміж Кіевам і фаварыткай выбарчых апытанняў Марын Ле Пэн у апошнія дні.
Кандыдатка ад нацыянальных правых, якую рэгулярна абвінавачваюць у прарасійскіх схільнасцях, абвясціла аб скарачэнні дапамогі Украіне, але адначасова прапануе сустрэцца з прэзідэнтам Зяленскім, каб абмеркаваць гэтае пытанне.
Марын Ле Пэн сцвярджае, што, улічваючы крызіс запазычанасці Францыі, краіна не можа дазволіць сабе працягваць фінансаваць Украіну. Таму, калі яна пераможа на выбарах, яна мае намер падтрымліваць фінансавую дапамогу толькі на працягу шасці месяцаў.
Прэзідэнт Зяленскі некалькі тыдняў таму раскрытыкаваў гэтыя заявы, заклікаўшы яе наведаць Кіеў. 17-га лістапада Ле Пэн вярнулася да тэмы падчас сустрэчы з паслом Украіны ў Парыжы. Яна папрасіла яго перадаць прэзідэнту прапанову аб сустрэчы ў Бруселі. Яна таксама запэўніла яго, што Францыя будзе працягваць ваенную, гуманітарную і дыпламатычную падтрымку Украіны.
Пасля размовы пасол публічна выказаў сваё задавальненне сустрэчай з Ле Пэн, дзякуючы ёй за — як ён напісаў на сайце X — «нязменную падтрымку Украіны ў Еўрапейскім парламенце і Нацыянальным сходзе». Аднак праз некалькі гадзін дыпламат выдаліў гэты пост.
Ле Пэн ужо некалькі гадоў дыстанцуецца ад Расіі і выступае за ўзмацненне дыпламатычных намаганняў па спыненні вайны ва Украіне. Аднак улады ў Парыжы ўсё яшчэ лічаць яе саюзніцай Крамля, памятаючы яе мінулыя прарасійскія заявы і фінансавыя сувязі з Масквой.
ПР/юл