Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск лічыць малаверагодным пачатак мірных перамоваў паміж Украінай і Расіяй да канца зімы. Паводле яго, нягледзячы на аптымістычныя заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра гатоўнасць Уладзіміра Пуціна да міру, еўрапейскія лідары ставяцца да іх асцярожна.
Пра гэта Туск заявіў пасля сустрэчы Кааліцыі ахвотных у Берліне. Паводле прэм’ера Польшчы, удзельнікі сустрэчы паразмаўлялі з Трампам, які падзяліўся ўражаннямі ад перамоваў з кіраўнікамі Кітая і Расіі — Сі Цзіньпінам і Уладзімірам Пуціным.
— Вера Трампа ў добрыя намеры Пуціна, падобна, застаецца непахіснай, хоць пакуль ніякія факты гэтага не пацвярджаюць, — адзначыў Туск.
Польскі палітык таксама папярэдзіў, што ў асенне-зімовы перыяд Расія можа ўзмацніць атакі на Украіну. Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі гатоўнасць працягваць падтрымку Кіева, асабліва ў зімовыя месяцы.
Туск падкрэсліў, што перамовы пра будучыню Украіны не могуць адбывацца без яе ўдзелу. Еўропу ў гэтым працэсе будуць прадстаўляць краіны фармату E5 — Польшча, Францыя, Германія, Вялікая Брытанія і Італія, а таксама прадстаўнікі Еўрасаюза. Пры гэтым ключавую ролю ў перамовах надалей будуць адыгрываць ЗША, Украіна і Расія.
IAR/PAP/ez