Сілы абароны Украіны нанеслі ўдары па расійскім ваенным аэрадроме «Марынаўка» ў Валгаградскай вобласці, а таксама па аб’екце кампаніі «Транснафта» ў Башкірыі. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны.
Для атакі былі выкарыстаныя ракеты «Нептун». Украінскія войскі паразілі цэль на адлегласці каля тысячы кіламетраў ад мяжы.
— На аэрадроме „Марынаўка“ базуюцца знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-34. Акупанты выкарыстоўваюць іх для скідвання кіраваных авіяцыйных бомбаў на ўкраінскія гарады і пазіцыі нашых войскаў, — гаворыцца ў паведамленні Генштаба.
Пасля ўдару па аб’екце кампаніі «Транснафта» ў Башкірыі ўзнік пажар.
— Кожны такі ўдар азначае менш нафты і менш нафтавых рублёў, за кошт якіх Расія вядзе вайну, — падкрэслілі ў Генеральным штабе ўкраінскай арміі.
Наступствы атакі і маштабы пашкоджанняў інфраструктуры ўдакладняюцца.
IAR/яс