Polskie Radio

Больш не сябры? У адносінах паміж Масквой і Баку пачалася эскалацыя напружання

Ostatnia aktualizacja: 02.07.2025 17:13
Узаемныя арышты грамадзян, журналістаў і прадстаўнікоў дыяспар - так выглядаюць апошнія навіны пра стасункі Расіі ды Азербайджану. Крамлёўская прапаганда нават пачала пагражаць вайной. 
Audio
  • Расія пасварылася з Азербюайджанам
    ()      ()        ()
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін (злева) і прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў (справа) падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) у Крамлі ў МасквеFoto: VALERY SHARIFULIN / SPUTNIK Dostawca: PAP/EPA

Нечакана Расія пасварылася са сваім саюзнікам на Паўднёвым Каўказе - Азербайджанам. Вялікае напружанне назіраецца і на лініі Ерэван - Масква. Ідзе падзел уплываў у рэгіёне, зазначаюць эксперты.

Пачаткам дыпламатычнага канфлікту паміж Расіяй ды Азербайджанам сталі падзеі 27 чэрвеня, калі ФСБ зладзіў рэйд у дамах азербайджанцаў у Екацярынбургу, у выніку былі забітыя браты Зыядзін і Гусэйн Сафаравы. Расійскія следчыя заявілі, што яны нібыта былі звязаныя з забойствамі прадпрымальнікаў. Аднак, пракуратура Азербайджану ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да расійскіх сілавікоў па факце катавання і наўмыснага забойства грамадзян Азербайджану.

Баку не паверыў тлумачэнням Масквы, што Зыядзін нібыта памёр ад сардэчнага прыступу, а ў Гусейна былі «старыя траўмы». Азербайджанскія ўлады правялі ўласную медыцынскую экспертызу, якая ўстанавіла, што ў аднаго з братоў былі зламаныя амаль усе рэбры, а ў другога сляды біцця па ўсім целе.

Пасля чаго ў панядзелак 30 чэрвеня азербайджанскі спецназ ўварваўся ў офіс расійскага агенцтва «Спутнік» у Баку ды арыштаваў кіраўніцтва. Апроч таго былі жорстка затрымалі шэраг расіян, якіх абвінавацілі нібыта ў наркатрафіку.

Расія выклікала амбасадара Азербайджану ў звязку з «непрыязнымі дзеяннямі Баку» і «незаконным затрыманнем расійскіх журналістаў». У аўторак працягнуліся затрыманні грамадзян Азербайджану ў Екацярынбургу, Варонежы ды Санкт-Пецербургу. Прапагандыст Салаўёў прыгразіў Азербайджану вайной.

Гэтая эскалацыя напружання адбылася з-за агульнай сітуацыі ў Расіі, перакананы даследчык Паўднёвага Каўказа з Варшаўскага Ўніверсітэту Конрад Заштаўт. У Расіі пануе шавінізм, а цэнтральная ўлада не заўсёды кантралюе тое, што робіцца ў рэгіёнах.

—Сітуацыя выйшла з-пад кантролю: МЗС кажа адно, а мясцовыя ўлады робяць свае. Гэта таксама вынік росту ксенафобіі, антыміграцыйных настрояў сярод расіян. Дарэчы, у іх ніколі не было асаблівай сімпатыі да гастарбайтараў з Каўказа, іх заўсёды дыскрымінавалі, дрэнна ставіліся. Жорсткасць - гэта «натуральныя» паводзіны паліцыянтаў ці мясцовых уладаў у расійскіх гарадах. Я думаю, што нават некаторыя сярод крамлёўскіх эліт ва ўмовах вайны з Украінай імкнуцца мабілізаваць і кансалідаваць грамадства пры дапамозе інструментаў нянавісці да замежнікаў.

Расія даўно выкарыстоўвае ціск на дыяспары ў патрэбах сваёй замежнай палітыкі, цяпер  жа Крэмль цісне на Арменію і Азербайджан, каб узяць іх пад свой кантроль. Такая версія гучыць у Баку, кажа  азербайджанскі журналіст Рауф Аруджаў.

— Пасля прыходу да ўлады Трампа, які не праявіў цікавасці да Паўднёвага Каўказа, Расія і Турцыя пачалі змагацца за тое, каб мець непадзельны ўплывам на гэты рэгіён. У Расіі атрымалася ўжо з Грузіяй, якая паводзіць сябе па тых правілах, якія дыктуюць з Масквы. У Арменіі ідзе гібрыдная вайна, туды засылаюцца людзі, ідзе ўздзеянне праз царкву, каб зрынуць дзеючага лідара - прэм'ер-міністра Пашыняна. Засталося заваяваць толькі Азербайджан, які стаіць асобна. Турцыя гэтага не жадае гэтага, тут згадваецца нядаўні візіт Мікола Пашыняна ў Стамбул, што адбылося ўпершыню. Абвастрэнне з Азербайджанам магло адбыцца з-за таго, што Баку не жадае, каб увесь Каўказ папаў пад уплыў Расіі. Крэмль знайшла нагоду: вялікая азербайджанская дыяспара ў Расіі. Азербайджан раней на гэта не звяртаў асабліва увагі, а цяпер змяніўся падыход. Магчыма, гэта звязана з гэтым, што Азербайджан спрабуе даказаць у Маскве, што мы не пад вашым уплывам і не збіраемся быць.

Эскалацыя напружання ў адносінах з Баку – гэта яшчэ сведчанне дэградацыі расійскай дыпламатыі, дадае Конрад Заштаўт.

— Безумоўна Масква не мела на мэце сварыцца з Азербайджанам, і адначасова з суседам Азербайджана — Арменіяй. У апошнія гады было так: спачатку, гадамі, саюзнікам Расіі была Арменія, але пасля вайны ў Карабаху сітуацыя змянілася, -  Азербайджан стаў бліжэй да Расіі. Расія не ўмешвалася ў вайну ў Карабаху, не дапамагала Арменіі, што прывяло да канфліктных адносін паміж Арменіяй і Расіяй. На дадзены момант склалася сітуацыя, калі ў Расіі дрэнныя адносіны з абедзвюма краінамі: Арменіяй і Азербайджанам. Што тычыцца Азербайджана, там была такая паслядоўнасць падзей. Спачатку збілі самалёт, які ляцеў у Чачню. Расія не ўзяла на сябе ніякай адказнасці. Цяпер узнікла сітуацыя з забойствам людзей азербайджанскай нацыянальнасці ў Екацярынбургу. Баку сапраўды моцна адрэагаваў, асабліва атакай на штаб-кватэру расійскага інфармацыйнага агенцтва «Спутнік», арыштам яго супрацоўнікаў. Гэта сапраўды беспрэцэдэнтная рэч.

У сацыяльных сетках ужо з’явіліся каментары, што былыя сатэліты пачалі размаўляць з Масквой з пазіцыі сілы. Ці гэта разавая падзея ці больш шырокая тэндэнцыя?

— Пазіцыі Расіі ўсё слабеюць на постсавецкай прасторы, у тым ліку на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі. Масква ўжо не з'яўляецца такім важным палітычным, ваенным ці эканамічным партнёрам для гэтых краін. Па дадзенай прычыне гэтыя краіны могуць сабе дазволіць ​​больш жорсткую рыторыку, больш жорсткі тон у кантактах з Крамлём. Яны могуць сабе дазволіць крытыкаваць тое, як абыходзяцца з іх грамадзянамі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Людзі каментуюць, што Захад павінен пачаць размаўляць з Расіяй гэтак жа як  Азербайджан?

— Азербайджанскія ўлады арыштавалі супрацоўнікаў прапагандысцкага інфармацыйнага агенцтва «Спутнік». Але ў краінах Еўрапейскага Саюза, «Спутніка» наогул няма, таму што яго дзейнасць тут даўно незаконная. Таму я б не перабольшваў, што ў Еўропе занадта мяккі падыход да расійскай дзейнасці: прапаганды, ці гібрыдных пагроз. З гэтым таксама змагаюцца.

Афіцыйна расійскія ўлады імкнуцца супакоіць сітуацыю. Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што кіраўнік Следчага камітэта Расіі і пракуратуры Азербайджану разбіраюцца з «пытаннямі, якія прадстаўляюцца праблемнымі», а МЗС Расіі абмежаваўся выказваннем «рашучага пратэсту». Цяпер чакаецца, ці адбудзецца кантакт паміж прэзідэнтамі, якія змогуць залагодзіць напружанасць.

Юры Ліхтаровіч