У Польшчы працягваецца напружаная барацьба за прэзідэнцкае крэсла. Да другога тура выбараў засталося ўсяго некалькі дзён, краіна застаецца востра палярызаванай. Падтрымка двух кандыдатаў Караля Наўроцкага і Рафала Тшаскоўскага амаль роўная.
На гэтым фоне асабліва востра паўстае пытанне: як выбарцу адрозніць праўду ад маніпуляцыі? Бо выбарчая кампанія суправаджаецца моцнай інфармацыйнай хваляй, а эмоцыі часта выцясняюць факты.
І тут на першы план выходзяць ініцыятывы, што бароняць праўду і празрыстасць. Адна з іх — кампанія Wybory bez oszustw («Выбары без фальсіфікацый»), якая аб’яднала шэраг вядучых медыя і фактчэкінгавых праектаў Польшчы.
Асаблівую ролю ў гэтай кампаніі адыгрывае платформа myPolitics, вядомая дзякуючы свайму анлайн-інструменту — выбарчаму барометру #prezydencki2025. Гэты тэcт дапамагае выбарцам спраўдзіць, які з кандыдатаў найлепш адпавядае іхным перакананням — не эмоцыям, а менавіта поглядам.
Сёння наш госць — Барух Якаў-Якавіч, прадстаўнік myPolitics.pl — распавядзе, з якімі выклікамі сутыкаецца Польшча напярэдадні выбараў, як маніпуляцыі змяняюць палітычную рэчаіснасць, і чаму доступ да якаснай, праверанай інфармацыі — ключ да дэмакратычнага выбару:
— У эпоху перанасычэння інфармацыяй галоўнай праблемай з’яўляецца ўжо не столькі недахоп дадзеных, колькі іх адбор. Гэта азначае, што інфармацыі вельмі шмат, аднак тое, як яе выбіраць, становіцца істотнай сацыяльнай праблемай.
Сацыяльныя медыя, якія сёння з’яўляюцца галоўнай крыніцай інфармацыі для маладых людзей, аддаюць перавагу эмоцыям, крайнасцям, палярызацыі, фэйкавым навінам. Яны кароткія, эфектныя і выдатна «заходзяць» у фармаце ролікаў.
Тым часам праўда часта аказваецца складанай, патрабуе кантэксту і звычайна лепш перадаецца праз даўжэйшыя, аналітычныя тэксты.
Падчас выбарчых кампаній палітычныя актары і звязаныя з імі структуры часта свядома выкарыстоўваюць механізмы дэзінфармацыі — бо гэта проста выгадна. І паколькі выбарчыя штабы вялікія, людзі, якія з імі супрацоўнічаюць, нярэдка, праз распаўсюд скажоных наратываў або праз прыхоўванне істотнай інфармацыі, парушаюць аб’ектыўнае ўспрыманне таго, што на самай справе прадстаўляе сабой кандыдат.
І ўсё гэта дзеля таго, каб дасягнуць як мага шырэйшай аўдыторыі і пераканаць выбарцаў.
У выніку выбарца можа адчуваць сябе згубленым, расчараваным або нават выключаным з рэальнай грамадскай дыскусіі, якая ўсё больш пераносіцца ў плоскасць эмоцый.
Мы, як праект MyPolitics, былі створаны менавіта дзеля таго, каб даць людзям магчымасць праверыць, наколькі іх уласныя перакананні супадаюць з пазіцыямі канкрэтных кандыдатаў.
Як працуе ваш «выбарчы барометр»?
— Наш выбарчы барометр працуе наступным чынам: на нашым сайце можна цалкам бясплатна і без рэкламы прайсці тэст. Вы заходзіце ў раздзел «Выбарчы барометр», дзе адказваецца на 77 пытанняў, кожнае з якіх мае чатыры варыянты адказу. Пасля праходжання гэтага тэсту вы атрымліваеце вынік, які паказвае, з якім з кандыдатаў вашы перакананні супадаюць найбольш — менавіта на ўзроўні поглядаў, а не эмоцый.
Раней, у першым туры, кандыдатаў было 13, цяпер засталося двое. І вынікі могуць паказаць, хто з іх знаходзіцца найбліжэй да вас паводле вашых меркаванняў па такіх тэмах, як эканоміка, знешняя палітыка, светапогляд, гісторыя ды іншае. Такім чынам вы можаце ацаніць супадзенне па канкрэтных напрамках, адпаведна таму, што для вас найбольш істотна.
Выбарчыя барометры даволі папулярная з'ява ў Польшчы, існуе некалькі папулярных апытанак, падрыхтаваных рознымі пазаўрадавымі арганізацыямі ды ініцыятывамі. Якімі вынікамі можа пахваліцца ініцыятыва mypolitics.pl?
— Што тычыцца вынікаў, то перад першым турам нашым барометрам скарысталася каля 450 тысяч грамадзян Польшчы. Гэта даволі вялікая колькасць людзей.
Аднак адна з праблем — хаця яна і не крытычная — у тым, што асноўная частка нашай аўдыторыі — гэта людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Старэйшых удзельнікаў менш, бо яны, па-першае, менш інтэграваныя ў лічбавую прастору, а па-другое, да іх складаней дацягнуцца праз сацыяльныя сеткі. У гэтым выпадку больш эфектыўнымі застаюцца традыцыйныя медыя — тэлебачанне, радыё, прэса, а не, напрыклад, ютуб-блогеры.
З-за гэтага прадстаўнікоў старэйшага пакалення сярод карыстальнікаў нашага барометру менш. Але мы спадзяёмся, што перад другім турам выбараў нам удасца істотна пашырыць ахоп і палепшыць нашыя вынікі.
Уласна, як вы распаўсюджваеце інфармацыю сярод магчымых карыстальнікаў вашага барамотера?
— Мы даходзім да выбарцаў трыма шляхамі. Па-першае, праз уласныя сацыяльныя сеткі. Па-другое, праз супрацоўніцтва з ютуберамі, якія маюць па некалькі соцень тысяч падпісчыкаў і актыўна падтрымліваюць наш праект, распавядаючы пра яго і заклікаючы прайсці тэст. Па-трэцяе, праз традыцыйныя медыя: тэлебачанне, радыё, інтэрнэт-парталы.
Ці існуюць прылады падобныя на ваш выбарчы барометр у іншых дэмакратычных краінах?
— Што тычыцца магчымасці адаптацыі гэтага інструмента за межамі Польшчы, — так, падобныя ініцыятывы часам з’яўляюцца і ў іншых дэмакратычных краінах. Аднак настолькі прадуманай, глыбокай і тэхнічна развітай платформы, як у нас, мы пакуль не сустракалі на міжнародным рынку. Мы спадзяёмся, што ў будучыні зможам пашырыць ужыванне гэтай мадэлі — спалучэння фактчэкінгу і супастаўлення перакананняў выбарцаў і кандыдатаў — у іншых краінах.
Слухайце аўдыё!
эж