Беларуская Служба

Замежнае вяшчанне Польскага радыё — 90 гадоў на адной хвалі са слухачамі 

01.03.2026 12:22
Ад эпохі санацыйнай Польшчы да дэмакратычнай дзяржавы ХХІ стагоддзя — радыё заставалася сведкам і ўдзельнікам вялікіх перамен.
Аўдыё
  • Польскае радыё для замежжа — 90 гадоў на адной хвалі са слухачамі 
    ,  2026 .
Журналісты Польскага радыё для замежжа, люты 2026 г. Фота:Polskie Radio

1 сакавіка Польскае радыё для замежжа адзначае 90-годдзе. За гэты час у ягонай гісторыі было ўсё: начное вяшчанне на доўгіх хвалях, драматычныя перапынкі з прычыны вайны, адраджэнне ў новай палітычнай рэальнасці і, нарэшце, пераход да лічбавых падкастаў і відэафарматаў. Ад эпохі санацыйнай Польшчы да дэмакратычнай дзяржавы ХХІ стагоддзя — радыё заставалася сведкам і ўдзельнікам вялікіх перамен.

Сёння вяшчальнік крочыць у нагу з часам, актыўна выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі. Намеснік дырэктара Пётр Пагажэльскі падкрэслівае: традыцыйнае эфірнае вяшчанне па-ранейшаму даступнае слухачам, у тым ліку ў фармаце DAB+, аднак асаблівая ўвага надаецца сацыяльным сеткам і падкастам. Праграмы можна слухаць на сайце polskieradio.pl, праз TuneIn, Spotify, Apple Podcasts, а таксама глядзець на YouTube. «Каб павялічваць аўдыторыю, трэба быць там, дзе слухачы», — адзначае ён. Гэта асабліва важна для краін, дзе доступ да незалежнай інфармацыі абмяжоўваецца, як у Беларусі ці Расіі.

Місія радыё змянялася разам з гісторыяй краіны. Кіраўніца Польскай службы Халіна Остас нагадвае: у міжваенны перыяд вяшчанне было і справай прэстыжу маладой дзяржавы. Пачатак Другой сусветнай вайны перапыніў працу, а ў 1990-я гады распачаўся новы этап. З’явіліся літоўская, чэшская, славацкая і беларуская рэдакцыі. Польшча імкнулася наладзіць непасрэдны дыялог з грамадствамі суседніх дзяржаў, якія аднавілі незалежнасць пасля калапсу савецкай імперыі. 

Вялікія гістарычныя падзеі неаднаразова ўплывалі на працу Польскага радыё для замежжа. У 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, было створана Польскае радыё для Украіны. У яго камандзе працуюць людзі, якія нядаўна былі ваеннымі ўцекачамі, а ўжо сёння сталі рупліўцамі польска-ўкраінскага дыялога і паразумення.  Журналістка Сніжана Чарнюк вядзе рубрыку пра дэзінфармацыю і кагнітыўную вайну, падкрэсліваючы: прысутнасць дакладнай інфармацыі ў медыяпрасторы — ужо істотны ўнёсак у супрацьдзеянне расійскай прапагандзе.

Праца журналіста — гэта і адказнасць, і прывілей быць сведкам гісторыі. Халіна Остас за больш як сорак гадоў асвятляла перамовы Круглага стала, уступленне Польшчы ў НАТА, смерць Яна Паўла ІІ, Смаленскую катастрофу, саміт ЕС у Капенгагене 2002 года, калі вырашалася пытанне далучэння краіны да Еўрасаюза. «Гэта быў момант, калі вызначаліся ўмовы будучыні», — згадвае яна.

Кіраўніца Беларускай службы Яланта Смялоўская адзначае: нягледзячы на палітычную тэматыку, найважнейшай застаецца эмпатыя — увага да чалавека, які перажывае эміграцыю, наступствы вайны або сістэмныя перамены. Пасля 2020 года і масавых пратэстаў у Беларусі значная частка аўдыторыі апынулася ў Польшчы, і праграмы ўсё часцей дапамагаюць слухачам наладжваць жыццё ў новай краіне.

90-годдзе — гэта нагода падзякаваць слухачам. Спадарыня Варвара з Мінска слухае Беларускую службу ўжо трыццаць гадоў — на дачы праз радыёхвалі, дома праз інтэрнэт. Яна просіць больш распавядаць пра беларускіх палітвязняў, «каб не забываць пра герояў нашага часу, каб ведаць іх». І менавіта гэтая сувязь — жывая і даверлівая — застаецца галоўным сэнсам працы Польскага радыё для замежжа.

Слухайце аўдыё!

эж


«Магія радыё, мікрафону і студыі мяне «ўсмактала» так, як губка ўсмоктвае ваду»

13.01.2022 12:11
Размова з Нінай Баршчэўскай – першым галоўным рэдактарам Беларускай служба Польскага радыё на 30-гадовы юбілей рэдакцыі.

У міжваеннай Польшчы для запуску радыё ў Баранавічах мадэрнізавалі мясцовую электрастанцыю

11.10.2023 16:54
У кастрычніку 1938 года радыёсігнал з Баранавічаў быў даступны ў радыусе 120 км, што дазваляла ахопліваць большую частку Наваградскага ваяводства і паўночнае Палессе аж па мяжу з Савецкім Саюзам. 

На Дзень Волі заснавальніца Беларускай службы Польскага радыё Ніна Баршчэўская ўганараваная медалём Скарыны  (ФОТА)

23.03.2025 18:30
«Сёння хочацца верыць, што прыйдзе час, калі зможам святкаваць Дзень Волі ў Беларусі, калі беларусы асэнсуюць неабходнасць вяртання да роднай мовы і культуры».

«Рабілі антэны даўжынёй тры метры» – жыхары Львоўшчыны расказваюць, як слухалі Польскае радыё ў савецкія часы

14.08.2025 16:09
Без «Радыё Тройка», магчыма, не быў бы створаны адзін з самых папулярных украінскіх гуртоў «Скрабін».