Беларуская Служба

Да беларушчыны прыйшла з Польшчы праз Кітай

18.07.2019 10:01
Эльжбета Смулкова апублікавала перапіску Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай.
Аўдыё
  • Варшаўскі мост. Пра А.Абрэмбскую-Яблоньскую
 -.
Антаніна Абрэмбская-Яблоньская.Portal.uw.edu.pl/web/katedra-bialorutenistyki/historia

Былы кіраўнік кафедры беларусазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта, былы пасол Польшчы ў Беларусі прафесар Эльжбета Смулкова апублікавала перапіску Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай — заснавальніка і першага кіраўніка кафедры беларусазнаўства ВУ, ініцыятара складання «Atlasu gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny», у якім адлюстраваны беларускія гаворкі на ўсходзе Польшчы.


Эльжбета Смулкова. Эльжбета Смулкова.

Эльжбета Смулкова ў 1971-1975 гадах была кіраўніком кафедры беларусазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта, змяніўшы на гэтай пасадзе Антаніну Абрэмбскую-Яблоньскую (яна заснавала кафедру, якая пазней пэўны час з'яўлялася лабараторыяй, і кіравала ёю ў 1956-1971 гадах). У той час гэта была адзіная педагагічная і акадэмічная беларусазнаўчая ўстанова па-за межамі Беларусі.

Прафесар Смулкова з’яўляецца адным з укладальнікаў і рэдактараў (разам з прафесарам Мірославам Скаржыньскім з Кракава) выдання «Korespondencja Kazimierza Nitscha i Antoniny Obrębskiej-Jabłońskiej. 1925-1958» (Варшава, 2018). Убачылі свет два тамы: перапіска 1925-1945 і 1946-1958 гадоў.

Улічваючы, што апошні перыяд храналагічна бліжэйшы да часу заснавання кафедры беларусазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта, прапануем вашай увазе расказ прафесара Эльжбеты Смулковай пры жыццё і дзейнасць Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай у тую эпоху (гэта фрагмент выступлення на міжнароднай навуковай канферэнцыі «Polsko-białoruskie związki literackie i językowe», якая адбылася ў сакавіку 2019 года пры кафедры беларусазнаўства ВУ).

Да беларускай мовы Антаніна Абрэмбская-Яблоньская прыйшла не адразу. Пасля Другой сусветнай вайны яна накіравалася з мужам сінолагам Вітальдам Яблоньскім у Кітай, куды яго прызначылі паслом Польшчы. Расказвае Эльжбета Смулкова: «Прафесар Яблоньская настолькі добра авалодала кітайскай мовай, што напісала і апублікавала некалькі артыкулаў пра фанетычную сістэму кітайскай мовы і пра тое, якім чынам дапасоўваюцца да гэтай сістэмы польскія словы, як кітайцы засвойваюць польскія прозвішчы. Гэта праца публікавалася як па-польску, так і па-англійску.

У 1947 годзе Антаніна Яблоньская вярнулася з Кітая. У той час яна становіцца калегай Казімежа Ніча ў рэдакцыі выдання «Język Polski», прысвечанага польскай мове. У сваёй перапісцы яны абмяркоўвалі розныя мовазнаўчыя пытанні. Апрача гэтага, Антаніна Яблоньская ў той час даследавала паэму «Слова пра паход Ігараў». Яна таксама стаяла ля вытокаў варшаўскай русістыкі. Не толькі беларусістыкі. Пры кафедры славістыкі Варшаўскага ўніверсітэта з'явілася кафедра русістыкі, адным з арганізатараў якой была Антаніна Яблоньская. Да прыезду прафесара Міровіча Антаніна Яблоньская ў 1951-1952 гадах кіравала русістыкай у ВУ.

Адначасова Антаніна Яблоньская ў беларускай лабараторыі (pracownia) пры варшаўскім Польска-савецкім інстытуце рыхтавала калектыў маладых людзей. І цяпер паглядзіце на мяне, старога чалавека, і ўявіце сабе, што я была маладая! Бо ў той час я таксама была запрошана ў гэты калектыў. І Антаніна Яблоньская рыхтавала нас да даследавання беларускіх гаворак усходняй Беласточчыны для ўкладання вядомага «Atlasu gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny», які потым публікаваўся на працягу многіх гадоў».


«Korespondencja Kazimierza Nitscha i Antoniny Obrębskiej-Jabłońskiej. 1925-1958» (Варшава, 2018). «Korespondencja Kazimierza Nitscha i Antoniny Obrębskiej-Jabłońskiej. 1925-1958» (Варшава, 2018).

Эльжбета Смулкова ўспамінае, што першыя сустрэчы з Антанінай Абрэмбскай-Яблоньскай былі вельмі цікавыя — яшчэ да ўзнікнення кафедры беларусазнаўства ў ВУ. Вось чым займалася заснаваная ў 1956 годзе кафедра: «Кафедра вяла не толькі звычайнае, стацыянарнае навучанне. Але таксама былі завочныя заняткі для настаўнікаў, выпускнікоў настаўніцкіх курсаў. У гэтых занятках удзельнічалі таксама выкладчыкі з Беларусі. На тэму ўзнікнення кафедры і яе першых прац мы знаходзім многа звестак у перапісцы Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай з беларускімі лінгвістамі і гуманітарыямі ўвогуле. Бо яна перапісвалася не толькі з мовазнаўцамі, але, напрыклад, паэт Уладзімір Дубоўка звяртаўся да Яблоньскай па пэўных справах, а таксама іншыя асобы».

Эльжбета Смулкова раіць прачытаць перапіску Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай і Казімежа Ніча — дваіх выдатных польскіх мовазнаўцаў, каб зразумець, якія пытанні былі актуальныя для польскага мовазнаўства ў 1925-1958 гадах, а таксама каб адчуць дух розных эпох, якія падзяліла Другая сусветная вайна: «Гэта перапіска сяброў, людзей, якія адчувалі адно да аднаго вялікі давер. Яны пісалі пра вялікую колькасць рэчаў, звязаных не толькі з мовазнаўствам, але і пра палітычную сітуацыю ў краіне, пра сітуацыю ў мовазнаўчых асяродках, перш за ўсё Варшавы і Кракава».

Эльжбета Смулкова таксама раіць звярнуцца да люблінскага выдання «Studia Bialorutenistyczne», у адным з апошніх выпускаў якога яна апублікавала артыкул пра гісторыю кафедры беларусазнаўства ВУ.

Віктар Корбут