Беларуская Служба

Варшаўскі беларусіст: Ізаляцыя не з’яўляецца чымсьці новым для вучонага

16.04.2020 10:03
Як варшаўскія беларусісты працуюць ва ўмовах эпідэміі каранавіруса.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Масквін і К.Зыховіч пра часы каранавіруса.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

Навуковыя ўстановы Польшчы ў перыяд эпідэміі каранавіруса закрыты. Аднак польскія вучоныя працягваюць працаваць дома. Культурнае і навуковае жыццё Польшчы і да эпідэміі каранавіруса актыўна працякала ў інтэрнэце. Усё больш бібліятэк, музеяў, навучальных устаноў і культурных пляцовак выкарыстоўваюць анлайн для распаўсюджвання ведаў і сваіх здабыткаў. Таму, як вынікае з размоў з варшаўскімі беларусістамі, закрыццё або абмежаванне дзейнасці на перыяд эпідэміі каранавіруса іх устаноў — месц пастаяннай працы — не паўплывала на іх работу ў адмоўны бок. Ёсць і станоўчыя вынікі.


Андрэй Масквін. Андрэй Масквін.

Андрэй Масквін, даследчык беларускага тэатра і літаратуры, выкладчык кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, адзначае, што пандэмія — небяспечная з'ява, аднак ізаляцыя не з'яўляецца чымсьці новым і унікальным для вучонага.

Андрэй Масквін: — Звычайна вучоны праводзіць значную частку свайго жыцця ў адзіноце, працуючы дома або ў бібліятэцы. Гэта таксама маё жыццё. Цяпер я знаходжуся дома, прытрымліваюся рэжыму і працую. І выходжу на кароткую прагулку кожны дзень.

У мяне ў планах падрыхтоўка некалькіх важных тэкстаў. Першы — гэта мая манаграфія «Беларуская літаратура, нязломныя радаводы» (Literatury białoruskiej rodowody niepokorne). Кніга амаль скончана, мне давялося ўнесці нязначныя праўкі і падрыхтаваць асабовы паказальнік. Героі манаграфіі — гэта Максім Гарэцкі, Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі, Францішак Аляхновіч, Алесь Адамовіч, Ларыса Геніюш і Васіль Быкаў. Выданне закранае розныя аспекты: пытанне еўрапеізацыі беларускай літаратуры, феномен «новай драмы», функцыянаванне цэнзуры ў Беларусі, стаўленне да літаратуры беларускіх улад у ХХ стагоддзі, лёс пісьменніка ў апазіцыі да савецкай улады.

Другая праца — гэта падрыхтоўка навуковага тэксту пра Ігнацы Дамейку. Як вядома, пасля ўдзелу ў Лістападаўскім паўстанні 1830-1831 гадоў ён быў вымушаны эмігрыраваць. Дарога прывяла яго ў Чылі, дзе ў 1844-1845 гадах ён ажыццявіў цікавае падарожжа ў Араўканію — краіну на поўначы Чылі. Дамейка зрабіў дакладнае апісанне паўсядзённага жыцця жыхароў Араўканіі, іх звычаяў і культуры. Тэзіс майго даследавання заключаецца ў тым, што Дамейка пры апісанні гэтага краю меў перад вачыма трагедыю зямель Вялікага Княства Літоўскага, якія страцілі незалежнасць. За гэта ж змагаліся і жыхары Араўканіі.

Трэцяя важная для мяне работа — гэта падрыхтоўка восьмага тома анталогіі «Новая беларуская драматургія» (Nowy Dramat Białoruski). Кніга будзе складацца з пяці тэкстаў: Дзмітрыя Багаслаўскага, Мікіты Ільінчыка, дзвюх п'ес — Аляксея Макейчыка і дакументальнай п'есы «Родныя людзі» драматурга Лёшы Чыканаса і рэжысёра Валянціны Мароза. Гэтыя тэксты раскажуць польскаму чытачу пра сучасную Беларусь, яе праблемы, жыццё моладзі, адносіны пакаленняў і дыскрымінацыю жанчын.

І, нарэшце, чацвёрты мой праект — падрыхтоўка публікацый да 100-годдзя беларускага нацыянальнага тэатра. Я атрымаў прапанову ад мастацкага кіраўніка мінскага тэатра імя Янкі Купалы Мікалая Пінігіна напісаць два тэксты, якія асвятляюць гісторыю тэатра ў 1991-2008 гадах (перыяд Валерыя Раеўскага) і 2009-2020 гадах (перыяд Мікалая Пінігіна). Гэта было вельмі цяжка, але я вельмі задаволены вынікам. Паглядзім, што скажа чытач.

Цяпер кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта рыхтуе набор новых студэнтаў. Гэта важная і адказная задача. Я разам з калегамі выконваю яе з задавальненнем.


Караліна Зыховіч. Караліна Зыховіч.

Караліна Зыховіч вядома ў свеце беларусазнаўства як даследчыца творчасці ўраджэнкі Беларусі, польскай і французскай мастачкі Надзеі Хадасевіч (Надзі Лежэ). Сп-ня Зыховіч пастаянна працуе ў аддзеле дакументацыі Нацыянальнай мастацкай галерэі Zachęta.

Караліна Зыховіч: — Я пішу артыкулы і кнігі пра мастацтва ХХ стагоддзя. Чалавеку, якому трэба нешта напісаць, цяперашняя сітуацыя, як ні парадаксальна, спрыяе. Лягчэй засяродзіцца, прадумаць усё і напісаць нешта новае. Аднак ёсць і перашкоды. Некаторыя публікацыі даступныя толькі ў закрытых бібліятэках. Гэта паказвае нам важнасць алічбоўкі і магчымасць доступу да крыніц у інтэрнэце. На працы ў аддзеле дакументацыі Нацыянальнай мастацкай галерэі Zachęta мы арыентуемся на апрацоўку ў першую чаргу сучасных матэрыялаў. Мы не маем часу глядзець на гістарычныя з'явы. На цяперашні момант усе выстаўкі закрыты, таму мы маем магчымасць папрацаваць над дапаўненнем базы архіўных экспазіцый. Я думаю, што дзякуючы гэтаму вы зможаце атрымаць больш інфармацыі праз інтэрнэт, не наведваючы нашу бібліятэку. Негатыўнай з'явай дыстанцыйнай працы з'яўляецца адсутнасць кантактаў з іншымі людзьмі. Мы — сацыяльныя істоты.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост