У чацвер у Польшчы адбылася сустрэча прысвечаная вучэнням DEFENDER-Europe 2020 з удзелам польскага вайсковага кіраўніцтва ды прадстаўнікоў арміі ЗША.
У сустрэчы ўзялі ўдзел амбасадар ЗША ў Польшчы Джорджэт Мосбахер, намеснік камандуючага Сухапутнымі сіламі ЗША ў Еўропе генэрал Джо Джарад, кіраўнік Генеральнага штабу Войска польскага Раймунд Анджэйчак.
Таксама ў размовах бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовых уладаў, ведамстваў і міністэрстваў, якія адказваюць за падрыхтоўку да манеўраў DEFENDER-Europe 20.
Дадзеныя манеўры будуць сапраўдным выклікам для краін Цэнтральнай Еўропы. У вучэннях возьмуць удзел 37 тысяч жаўнераў з 18 краін. Пры гэтым толькі з ЗША прыбудзе каля 20 тысяч жаўнераў.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юш Блашчак зазначыў, што вучэнні DEFENDER-Europe 20 маюць вельмі вялікае значэнне для Польшчы. Таксама ў Варшаве разлічваюць, што з нагоды вучэнняў палепшыцца польска-амерыканскае супрацоўніцтва, вырасце свядомасць важнасці гэтай супрацы ў грамадстве:
- Мы хочам падкрэсліць, што дадзеныя манеўры маюць важнае вымярэнне. Таму мы будзем інфармаваць грамадскасць пра тое, як вучэнні будуць мець уплыў на іх штодзённую актыўнасць. Я разлічваю, што потым мы зможам разам эфектыўна ўмацоўваць свядомасць патрэбы такой супрацы.
Польскі бок разлічвае на саступкі з боку ЗША пры падпісанні кантракта на пакупку сучасных амерыканскіх самалётаў F-35.
юл