Кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык заявіў, што польскі ўрад гатовы дапамагчы беларускім апазіцыянерам, якіх выдаляюць з краіны за іх погляды ды грамадскую дзейнасць.
- Пакуль беларусы ня змогуць свабодна і без абмежаванняў выказваць свае погляды і перакананні, кожны чалавек, які стаў ахвярай палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, можа лічыць на падтрымку ды апекаванне з боку польскай дзяржавы. Пасля выбараў ужо больш за 100 чалавек звярнуліся з просьба спыніцца ў Польшчы, бо іх здароўе ды жыццё пад пагрозай.
На сумеснай прэс-канферэнцыі з Вольгай Кавальковай з прэзідыума апазіцыйнай Каардынацыйнай рады Міхал Дворчык падкрэсліў, што Польшча хоча, каб Беларусь была свабоднай, суверэннай і незалежнай краінай, у якой усе могуць свабодна выказваць свае перакананні. Вольга Кавалькова заявіла, што беларусы змагаюцца за вяртанне законнасці ў сваёй краіне.
- Яны ня могуць адабраць у нас нашу перамогу. Мы змагаемся выключна за аднаўленне законнасці ў Беларусі. Гэта азначае вызваленне ўсіх палітзняволеных і затрыманых, і прыцягненне да адказнасці тых, хто вінаваты ў забойствах мірных пратэстоўцаў. Згодна з Канстытуцыяй беларускі народ зʼяўляецца носьбітам суверэнітэту ды ўлады ў Беларусі. Мы маем права абіраць сабе ўладу.
У сераду 9 верасня польскі прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі сустрэнецца з лідаркай беларускай апазіцыі – Святланай Ціханоўскай.
юл