Беларуская Служба

ЗША заклікаюць Расію адвесці войскі ад мяжы з Украінай

24.12.2021 07:46
Канфлікт на ўсходзе Украіны можа быць вырашаны толькі ў атмасферы дээскалацыі.
Ілюстрацыйны здымакEPA/MICHAEL REYNOLDS Dostawca: PAP/EPA

ЗША ў чарговы раз заклікалі Расію вывесці свае войскі, размешчаныя ўздоўж межаў з Украінай, - заявіў у чацвер прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс. Прэсавы сакратар вітаў учорашнюю заяву АБСЕ аб гатоўнасці абодвух бакоў канфлікту на ўсходзе Украіны выконваць рэжым спынення агню.

«Мы заклікаем расійскія ўлады выканаць свае абавязацельствы па мінскіх пагадненнях па адвядзенні войск і ваеннай тэхнікі ад лініі размежавання на ўсходзе Украіны, а таксама адвесці войскі, сканцэнтраваныя ўздоўж украінскіх межаў, і спыніць агрэсіўную рыторыку запалохвання», — гаворыцца ў паведамленні прэсавага сакратара Дзярждэпартамента.

Прайс таксама вітаў апублікаваную ў сераду заяву Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), у якой паведамляецца, што кантактная група па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны атрымала запэўненні з украінскага боку і ад сепаратыстаў, якіх падтрымлівае Расія, што яны «поўнасцю гатовыя» выконваць палажэнні перамір'я з ліпеня 2020 года.

У заяве Дзярждэпартамента падкрэсліваецца, што канфлікт на ўсходзе Украіны можа быць вырашаны толькі «у атмасферы дээскалацыі».

Прайс заявіў аб гатоўнасці ЗША дапамагчы ў рэалізацыі мінскіх пагадненняў, падтрымаць дзейнасць АБСЕ ва Украіне і перамовы ў нармандскім фармаце (Украіна, Расія, Германія, Францыя).

PAP/юл